У судзе над блогерам Эдуардам Пальчысам абвешчаны перапынак да 10.00 24 кастрычніка, паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец. Працэс праходзіць у Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме.

Са спасылкай на адваката абвінавачанага палітык адзначыў, што на наступным тыдні судовы працэс можа завяршыцца.

Жонка Эдуарда Пальчыса Вікторыя каля суда.

Жонка Эдуарда Пальчыса Вікторыя каля суда.

У дні суда над Пальчысам (14, 17—20 кастрычніка) актывісты розных апазіцыйных арганізацый прыходзілі да будынка суда з партрэтамі блогера і бел-чырвона-белымі сцягамі, каб выказаць падтрымку Пальчысу. Супрацоўнікі міліцыі лічаць акцыю незаконнай, складаючы на яе ўдзельнікаў пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. 20 кастрычніка пратаколы складзеныя ў дачыненні да Севярынца, Дзмітрыя Дашкевіча, Максіма Вінярскага, Мікалая Дземідзенкі, Уладзіміра Яроменка, Алеся Макаева, Вольгі Маёравай, Сяргея Пальчэўскага, Вольгі Нікалайчык, Віктара Кулака і Сяргея Стрыбульскага. За пяць дзён суда ў дачыненні да актывістаў складзена ўжо прыблізна 50 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Актывісты маюць намер працягнуць акцыю салідарнасці 24 кастрычніка.

Дваццаціпяцігадовы рэдактар сайта 1863x.com Эдуард Пальчыс, вядомы як Джон Сільвер, абвінавачваецца ў распальванні варожасці паводле прыкметы расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК). У канцы жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінску адбыўся грамадзянскі працэс аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863x.com. Гэтыя слуханні таксама праходзілі ў закрытым рэжыме. Сайт 1863x.com быў створаны прыблізна два гады таму. На ім публікаваліся палітычныя тэксты, нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі і Расіі. Стваральнік рэсурсу вёў яе на ўмовах ананімнасці. Адзіным сродкам сувязі з рэдактарам быў інтэрнэт, з дапамогай якога ён меў зносіны з аўтарамі і даваў інтэрв'ю. Прадстаўнікі дэмакратычных сіл і праваабаронцы Беларусі лічаць крымінальную справу блогера палітычнай.

5 кастрычніка шэсць беларускіх арганізацый, уключаючы Беларускую асацыяцыю журналістаў, выступілі з сумеснай заявай, у якой прызналі Пальчыса палітычным вязнем. Паводле іх ацэнкі, публікацыі, за якія судзяць Пальчыса, з'яўляюцца «не больш чым аўтарскім меркаваннем аўтара адносна шэрагу гістарычных падзей і фактаў» і «не ўтрымліваюць доказаў распальвання вайны, гвалту або нянавісці, не ўяўляюць пагрозы для нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку або здароўя і маральнасці грамадства».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?