У Чэхіі створана падраздзяленне для барацьбы з расійскай прапагандай, якая ўплывае на грамадскую думку ў краіне-члене ЕС і НАТА. Пра гэта паведаміў кіраўнік МУС Чэхіі Мілан Хованец, перадае Reuters.

Контрразведка краіны ў верасні заявіла, што Расія праводзіць інфармацыйную вайну ў Чэхіі і стварае сеткі марыянетачных груп і прапагандысцкіх агентаў, якія могуць быць выкарыстаны для дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне.

Падраздзяленне складаецца з 20 чалавек. Задачай падраздзялення будзе выкрываць дэзынфармацыю ў публічнай прасторы, а таксама навучаць службовых асоб рэагаваць на дэзынфармацыю.

Хованец патлумачыў, што новае падраздзяленне павінна рэагаваць практычна ў рэальным часе на «розную дэзынфармацыю», выкарыстоўваючы Facebook, Twitter і іншыя «спосабы камунікацыі».

Паведамляецца, што ў Чэхіі, дзе пражывае 30 000 расейцаў, дзясяткі сайтаў прапагандуюць погляды Крамля ў дачыненні да Захаду.

Хованец паведаміў, што, паводле апытанняў, чвэрць насельніцтва верыць у тое, што яны чытаюць на «альтэрнатыўных» навінавых сайтах.

Чэхія падзяляе агульную пазіцыю ЕС у дачыненні да Расеі. Але шэраг палітыкаў, у прыватнасці прэзідэнт Земан Мілаш, падхапілі погляды Расіі на сітуацыю на ўсходзе Украіны, сцвярджаючы, што ніякіх расійскіх войскаў там няма, і выступаючы супраць антырасейскіх эканамічных санкцый.

Як паведамлялася, 21 кастрычніка Еўрапарламент разгледзіць праект рэзалюцыі па супрацьдзеянні прапагандзе з боку Расеі.

У дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца, што Расія «агрэсіўным чынам» выкарыстоўвае шырокі спектр інструментаў, у тым ліку спецыяльныя фонды, навінавыя агенцтвы, грамадскія і рэлігійныя групы, сацыяльныя сеткі і троляў у Інтэрнэце. Расейская ўлада робіць гэта для таго, каб «паставіць пад сумнеў еўрапейскія каштоўнасці» і справакаваць раскол Еўропы, гаворыцца ў дакуменце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0