21 кастрычніка ў 14.30 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы ім. Якуба Коласа НАН Беларусі адбудзецца прэзентацыя фундаментальнага двухтомнай выдання «Полацкія граматы XIII - пачатку XVI стагоддзя».

Гэта выданне падрыхтавана сумеснымі намаганнямі расійскіх і беларускіх навукоўцаў, прадстаўнікоў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), Інстытута гісторыі НАНБ, Гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Інстытута славяназнаўства Расійскай акадэміі навук (РАН), Інстытута расійскай гісторыі РАН, Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў: Аляксандрам Грушам, Васілём Вароніным, Ганнай Харашкевіч, Сяргеем Полехавым, Алесем Жлуткам, Кацярынай Сквайрс, Андрэем Цюльпіным.

Выданне ўяўляе сабой зборнік дакументаў (агульная іх колькасць каля 500), сярод якіх прывілеі вялікіх князёў літоўскіх на зямельныя падараванні жыхарам Полацка і Полацкай зямлі, дамовы і перапіска гэтых князёў з уладамі Рыгі па справах палачан, карэспандэнцыя палачан і рыжан і інш. Дакументы адлюстроўваюць складанае і шматбаковае ўзаемадзеянне розных этнасаў - русінаў, латышоў, літоўцаў, немцаў, іх культур, разнастайныя афіцыйныя, дзелавыя і асабістыя кантакты іх прадстаўнікоў. Выданне падрыхтавана ў адпаведнасці з сучаснымі навуковымі патрабаваннямі і будзе карысным не толькі гісторыкам, але і лінгвістам розных спецыяльнасцяў.

Выданне змяшчае шырокі ілюстрацыйны матэрыял.

У рамках прэзентацыі адбудзецца адкрыццё выстаўкі «А Полтескъ теж ёсць, хвалячи Бога, месца словутное …». У экспазіцыі будуць дэманстравацца дакументы XVII - пачатку ХХ стст., а таксама працы гісторыкаў XIX - пачатку ХХ стст. і дасягненні сучаснай беларускай і замежнай гістарыяграфіі.

У тым ліку кнігі, якія выходзілі ў друкарні Полацкага езуіцкага калегіума. Гэта слоўнікі, падручнікі, календары, творы Гарацыя, Цыцэрона. Сярод выданняў кніга з калекцыі Бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі - падручнік граматыкі лацінскай мовы Мануэля Альварэса (1526-1582) з экслібрысам Ежы Радзівіла («Emmanuelis Alvari … de Institutione grammatical linguae Latinae …», 1794).

Шырока будуць прадстаўлены унікальныя рукапісныя матэрыялы XVII-XVIII стст. з рукапіснага фонду «Калекцыя». Сярод іх гандлёвыя, зямельныя і судовыя дакументы, звязаныя з Полацкам і Полацкай зямлёй.

Уваход вольны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?