Сёння, 21 кастрычніка, самалёт Боінг 737-800 авіякампаніі «Белавія», які выконваў рэйс В2-840 па маршруце Жуляны (Кіеў) — Мінск, быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт вылету. На борце знаходзілася 136 пасажыраў і 6 членаў экіпажа, паведамляе афіцыйны сайт кампаніі.

belavia.by

У адпаведнасці з раскладам ў 15.25 самалёт вылецеў з Міжнароднага аэрапорта «Жуляны» ў Мінск. У 15.36 за 50 кіламетраў да ўваходу ў паветраную прастору Рэспублікі Беларусь камандзіру паветранага судна паступіла ўказанне ад дыспетчара кіравання паветранага руху раённага цэнтра «Кіеў», якое ўваходзіць у дзяржаўнае прадпрыемства абслугоўвання паветранага руху «Украэрарух», аб неадкладным вяртанні ў аэрапорт вылету без тлумачэння якіх-небудзь прычын. Таксама было заяўлена, што ў выпадку невыканання каманды ў паветра будуць паднятыя знішчальнікі. Камандзір паветранага судна выканаў указанне і ў 15.37 прыступіў да зніжэння.

У 15.55 самалёт авіякампаніі «Белавія» прызямліўся ў міжнародным аэрапорце «Жуляны». Пасля пасадкі з борта паветранага судна праваахоўнымі органамі Украіны быў зняты адзін пасажыр, які з'яўляецца грамадзянінам Арменіі.

Пасля дазапраўкі ў 16.37 рэйс В2-840 вылецеў у Мінск і паспяхова прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» у 17.33 па мясцовым часе.

Праваахоўнымі органамі Украіны дадзены пасажыр быў адпушчаны і вылецеў у 19.00 рэйсам B2-830 авіякампаніі «Белавія» ў Менск.

«Белавія» мае намер патрабаваць з ГП «Украэрарух» кампенсацыі выдаткаў, звязаных з вяртаннем самалёта ў міжнародны аэрапорт «Жуляны», паведамілі ў кампаніі.

Як паведамілі ва «Украэраруху», прычына развароту была ў патрабаванні Службы бяспекі Украіны.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру