Рух бязвыплатнага донарства плануюць запусціць у ВНУ Беларусі, паведаміў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка падчас пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі, якая прысвечана ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, піша БелТА. 

«Мы хочам запусціць рух бязвыплатнага донарства сярод студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, як гэта зроблена ў Расіі, у шэрагу іншых замежных краін», — сказаў Фёдар Карпенка.

Дырэктар РНПЦ выказаў надзею на дапамогу прарэктараў па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, аддзелаў, якія курыруюць гэтую працу. Сумесна будуць вызначаныя валанцёры, праведзена агітацыя з удзелам арганізацый пералівання крыві ў кожнай вобласці. Для запуску праграмы будуць распрацаваныя слоган і лагатып. Графік прыезду арганізацый пералівання крыві ўзгодняць з Міністэрствам адукацыі.

Ад платнага донарства сыходзяць ва ўсім свеце, адзначыў Фёдар Карпенка. Беларусь плануе перайсці на бязвыплатнае донарства крыві да 2020 года.

У Беларусі стаць донарамі могуць абсалютна здаровыя людзі ад 18 гадоў (жанчыны — да 55 гадоў, мужчыны — да 60). Сярэдні ўзрост донараў у краіне — 30-50 гадоў. Існуе навукова даказаны факт — для здаровага чалавека донарства крыві карыснае. Без рызыкі для здароўя здаваць кроў пры адсутнасці супрацьпаказанняў можна кожныя 2 месяцы, а плазму крыві — кожныя 2 тыдні. Здача 450 мл крыві і 600 мл плазмы не аказвае шкоднага ўздзеяння на арганізм здаровага чалавека і не ўплывае на яго працаздольнасць. Рэгулярнае донарства крыві стымулюе крыватвор і, адпаведна, самаабнаўленне арганізма. У актыўных донараў арганізм хутчэй аднаўляецца пасля кровастраты.

Донары радзей хварэюць на прастудныя, сардэчна-сасудзістыя, анкалагічныя захворванні, а таксама захворванні страўнікава-кішачнага тракту. Актыўнае донарства — гэта і прафілактыка атэрасклерозу, парушэнняў дзейнасці печані, падстраўнікавай залозы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?