Калі пісаць гісторыю беларускай рок-музыкі за апошнія 25 гадоў, гэта лёгка можа быць гісторыя гурту «Крама».

12 лістапада ў мінскім клубе Prime Hall (пр.Пераможцаў, 65) «Крама» святкуе 25-годдзе. У госці да Ігара Варашкевіча і каманды прыйдуць «Палац», «Нейра Дзюбель», J:mors.

Напярэдадні мы склалі Топ-10 найлепшых песень «Крамы» за 25 гадоў і прапанавалі чытачам у каментарах дапоўніць яго.

Чытачы прыгадалі столькі песень, што яны не змясціліся нават у Топ-25!

Будзем спадзявацца, што астатнія кампазіцыі пачуем на канцэрце.

1. «Стэфка»

Гэтую песню, спадчыну гурту «Бонда», чытачы згадвалі найчасцей.

«Дзе «Стэфка»?! З яе я пачау слухаць беларускi рок», —

напісаў чытач пад нікам Чорны Война.

«Крама», дарэчы, напісала сіквэл гэтай песні — «Стэфка праз 20 год». Прыпеў: «Хто ведаў, Стэфка, што я так гарэлку палюблю».

2. «Бэйба»

Успомнілі і такую песню.

Адзін з першых запісаў «Крамы», у альбомы не трапіў.

3. «Польскі бізнэс»

Феерычная песня, у якой змясцілася цэлая эпоха.

Музыкі «Крамы» і самі ганялі ў постсацыялістычную Польшчу гандляваць.

Таму спявалі з веданнем справы.

4. «Неба — лёс арла»

Такі лёс — ён адзін
На ўвесь арліны век.

5. «Дзяўчынка»

Зацаніце кліп.

Рэжысэр — Андрэй Ляўковіч.

6. «Што дапаможа нам»

Загалоўная песня аднайменнага альбома 1998-га. На вокладцы, помніцца, была выява дзяцей «крамаўцаў».

Якасць запісу канцэртная, але як імправізуюць музыкі!

7. «Лянівы танец»

З таго ж альбому.

Тэкст — ілюстрацыя да часоў эканамічнага спаду 1990-х.

Праўда, аўтар заклікае не адчуваць з гэтай нагоды прыніжанасць, а танчыць.

8. «Чакай»

«Мне гаворыць часта мама, паўтарае словы тата — чакай». Яшчэ адна вечная тэма.

9. Карчма

Гэта пазней медыявісты пачалі рамантызаваць корчмы.

У «Крамы» ўсё было жорстка.

10. «Ім не трэба мой блюз»

У гэтай песні з далёкага 1994-га аўтары нібыта прадчулі з'яўленне «чорных спісаў» музыкаў у 2000-х. Словы Змітра Лукашука.

11. «Мама»

Без каментарыяў.

12. «Свабоды мне дай»

Відэашэраг змушае ўспомніць падзеі 2006-га: выбары, Мілінкевіча і першую беларускую «Рэвалюцыю Годнасці».

13. «Новая кроў»

«Забытая песенька з першага альбома, але надзвычай актуальная зараз. Пераслухаў нядаўна, аж скаланула», — напісаў каментатар g-rub.

14. «Гэй там налівай»

Песня яўна антыалкагольная, але яе часта разумеюць няправільна. Выконвае чалавек-аркестр Ігар Варашкевіч.

15. Chicago nights

Песня ўспрымаецца як лагічны працяг «Эмігранцкай песні» Багдановіча і «Зорачак» Новіка-Пеюна.

16. «Будзь разам з намі»

Адна з першых песень «Крамы», якая «стрэліла» на радыё і ТВ ў першай палове 1990-х.

Для многіх, хто чуў яе тады, яна — увасабленне надзеі і атмасферы нашай рамантычнай незалежнасці. Вашай увазе — відэа з першай «Рок-каранацыі» 1995 года, якую, дарэчы, «Крама» і выйграла.

17. «Бяжы, хлопец»

Гэтая песня настолькі чапляе, што дзеля яе расійскі спявак Мікалай Аруцюнаў асвоіў азы беларускай мовы.

Гэта выглядала так.

А вось — тыповая «Крама» і яе фанаты.

18. «Выпі са мной»

Гэтая душэўная і трохі дэпрэсіўная песня была напісаная ў першай палове 1990-х і выйшла на альбоме «Хворы на рок-н-рол», але добра наклалася і на наступны гістарычны перыяд.

Як бачым, дагэтуль не губляе актуальнасці.

Запіс 2014-га.

19. «Гомельскі вальс»

У кліпе выкарыстаная хроніка забытай сёння трагедыі — адсялення людзей з забруджаных чарнобыльскай радыяцыяй вёсак.

Кліп, дарэчы, да 10-годдзя Чарнобыльскай катастрофы зняў Ягор Хрусталёў, які пасля, казалі, рэжысіраваў парады на 3 Ліпеня. У запісе «Гомельскага вальса» ўдзельнічалі гурт «Палац» (мы можам бачыць там маладога Змітра Вайцюшкевіча) і — разынка — гамяльчук Анатоль Ярмоленка, які ў тыя часы яшчэ вельмі ўмерана «слухаў бацьку».

20. «Слуцкая брама»

Адзін з галоўных крамаўскіх «баевікоў»

і, бадай, самая гістарычная песня ў гэтым хіт-парадзе. Яна дасталася «Краме» ад гурту «Бонда», з якога і пачалася рок-музыка па-беларуску. «Слуцкая брама» натхняе ўжо трэцяе пакаленне слухачоў.

21. «Камендант»

Хтосьці лічыў, што гэта песня пра мінусы студэнцкага жыцця, але большасць пабачыла ў ёй шырэйшую алегорыю.

Кампазіцыя з аднайменнага альбома, які «Крама» стварала ў сутарэннях піўзавода «Крыніца».

Гурт меў там рэпетыцыйную кропку і доступ да краніка з жыватворным напоем. Увесь Менск зайздросціў!

22. «Хавайся ў бульбу»

Ну як мог класічны беларускі гурт не прысвяціць песню аднаму з класічных відаў нацыянальнага спорту?

23. «Неба»

Мусіць быць і лірыка,

не ўсё ж грамадскія праблемы. Гэта тычыцца дзвюх наступных кампазіцый.

24. «Падае дождж»

25. «Твой накірунак»

Песня з свежага альбома «Белая вада».

Хто паверыць, што «Краме» — 25 гадоў?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?