Вайсковая часць №63604 у Гомелі яшчэ ў пачатку лета закупляла хвойныя расліны на суму, эквівалентную $5 тысячам. За бюджэтныя грошы набылі туі і ядловец.
Але ж — навошта?
Праўда, закупілі не ўсе дрэвы — вайсковая частка засталася без 43 экзэмпляраў «яліны калючай», і таксама без «ядлоўца звычайнага». Але ж больш за сотню туй высадзілі. Разам з імі і 41 саджанец «ядлоўца казацкага». Каштавала такая прыгажосць 72 200 000 рублёў «старымі» грашыма.
На пытанне, навошта ўсё гэта, у вайсковай частцы быў атрыманы лаканічны адказ: «Для азелянення».
А навошта азеляненне?
«Для прывядзення тэрыторыі ў належны выгляд», — адказаў Анатоль Слесарэнка, старшы інжынер вайсковай часткі.
Па яго словах, азеляненне павінна праводзіцца згодна з патрабаваннямі вышэйшай інстанцыі — Мінабароны.
«Мы ж самі не можам прыдумаць: маўляў, хочам, каб у нас усё было вось так. Нам сказалі, да камандзіра давялі — і ўсё. У нас быў план азелянення», — паведаміў Слесарэнка.





