11-разовы чэмпіён свету па муай-тай і удзельнік гурту «BRUTTO» Віталь Гуркоў выклаў на сваёй старонцы ў фэйсбук такое фота.
Фота з фэйсбука Гуркова
Як высветліла «Наша Ніва», гэтая саколка — першы крок да ўласнага брэнда адзення ад Віталя Гуркова.
«Ідэя нарадзілася сама сабой, гэта толькі пачатак, — сказаў нам Гуркоў. — У хуткім часе хачу выпусціць спартовую лінейку адзення, адкрыць краму ў адным з гандлёвых цэнтраў Мінска».
Што да першага прынта, то Гуркоў яго распрацоўваў сам.
«Жыццё падказала мне задуму. Атрымалася вельмі канцэптуальна, мне здаецца, сімвалічна. Твар Народнага чэмпіёна — першага спартоўца, чэмпіёна свету, які пачаў прасоўваць беларускую мову праз тэлебачанне… Гэта павінна было стасавацца таксама з нечым эпахальным, напрыклад, са шрыфтам першай беларускай газеты», — сказаў Гуркоў, маючы на ўвазе «Нашу Ніву».
«Гудзілін і Недаверкаў атрымаюць саколкі бясплатна. Для астатніх цана — 20 рублёў. Набыць можна будзе ўжо на гомельскім канцэрце «BRUTTO», — дадаў баксёр.





