У эфіры расійскага канала «Культура» за 26 кастрычніка выйшла праграма «Улада факта» пра Вялікае Княства Літоўскае.
Яшчэ ў анонсе да праграмы гаварылася, што «Вялікае Княства Літоўскае, якое сёння ў асяродку беларускіх і польскіх нацыяналістаў супрацьпастаўляецца Расіі, насамрэч доўгі час было заходняй часткай супольнага рускага свету, і толькі потым стала магчымым гаварыць пра аддзяленне ВКЛ ад агульнарускай традыцыі».
Запрошаныя госці — супрацоўнік Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў Алег Неменскі і выкладчык БДУІР, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Гронскі.
Уся праграма была пабудаваная на дыялогу двух гасцей і вядучага.
Пра што яны гаварылі? Пра месца ВКЛ у гісторыі Расіі.
Тэрыторыю сучаснай Беларусі ў праграме не называлі іначай, як «Заходнярускія землі, якія некалькі стагоддзяў правялі ў складзе іншых дзяржаў».
Штогадовы рыцарскі фэст у Грунвальдзе, паводле гэтай праграмы, — «падтрымка міфа аб спадчыннасці сучасных еўрапейскіх дзяржаў ад ВКЛ».
Дзяржаўная мова ў ВКЛ, маўляў, была «руская». І без рэмаркі пра тое, што сённяшні тэрмін «рускі» ў сярэднявечным ВКЛ не атаясамляўся з Маскоўскім княствам, дзе мову Метрык і Статутаў называлі «літоўскай».
Аднак няхай расійскія гісторык і вядучы — на сённяшнім расійскім ТБ ад іх цяжка чакаць думак, якія б ішлі насуперак імперскай палітыцы Крамля, але што ім адказваў выкладчык нашага ВНУ?
Аляксандр Гронскі.
Гронскі ўсяляк падтрымліваў і развіваў фантазіі сваіх суразмоўцаў.
«Народ і шляхту ў ВКЛ можна падзяліць. Народ заставаўся рускім вельмі доўга, і дагэтуль людзі з вёскі могуць сказаць «мы рускія», а шляхта — яны былі рускімі, але паступова, пад польскім уплывам стаў мяняцца светапогляд», — маніпуляваў Гронскі тагачасным і сённяшнім сэнсам слова «рускі».
Цікава, што ён жа напрыканцы праграмы абвергне сам сябе, сказаўшы, што тады не існавала нацый у сённяшнім іх разуменні.
Але гэта не ўсё.
«Мінская шляхта пісала ў XVII стагоддзі, 1612 год, ліст, хацела стварыць праваслаўнае брацтва, і пісала, што «мы народ расійскі», — працытаваў неназваную крыніцу Гронскі. Пры гэтым у асяродку гісторыкаў вядома, што ў XVII стагоддзі ніякай гаворкі пра прыметнік «расійскі» ісці не можа.
Некалькі разоў за праграму Гронскі сказаў, што беларусы адчуваюць і адчувалі сябе рускімі.
«У шырокай масы сялян руская свядомасць, шляхта — польская, пратэстанцкая шляхта таксама як польская сябе ўспрымала. Нават дзеці ўніяцкіх святароў, пераехаўшы, скажам, у Піцер, успрымалі сябе як частку рускага народу, Заходняй Расіі», — казаў ён.
Таксама ў праграме прыхавана «прайшліся» па жыхарах ВКЛ праз прызму твора Дастаеўскага.
«У «Злачынстве і пакаранні» ёсць Аркадзій Свідрыгайлаў — псіхалагічны двайнік Раскольнікава, — гаварылі ў перадачы. — Прозвішча «Свідрыгайлаў» далі самаму амаральнаму персанажу не проста так. Свідрыгайла — гэта імя, якое сустракалася сярод арыстакратаў ВКЛ».
Што цікава, дарэчы, у Гронскага, які ўсяляк лаяў палякаў і не спыняўся гаварыць пра «рускую ідэнтычнасць», перыядычна праскоквалі словы відавочна не з цяперашняй «рускай» мовы.
«Ужывалось», — казаў ён, напрыклад.
Няма сэнсу прыводзіць усе тэзісы, якія прагучалі ў праграме — там і Іван Жахлівы выстаўлены станоўчым героем, і шматлікія разбуральныя войны паміж ВКЛ і Масковіяй — усяго толькі «міжсабойчыкі», і гэтак далей.
Але асабліва наракаў Гронскі на тое, што ў беларускіх падручніках школьнікам прышчапляюць думку, што ВКЛ і РП — гэта беларускія дзяржавы.
«Якая нашая дзяржава ў гісторыі? Спытаеш у студэнтаў — Літва і Польшча, адказваюць», — абураўся выкладчык БДУІР.
«Ідэнтыфікацыя сябе з рабаўладальнікамі, а не са сваімі непасрэднымі продкамі?» — удакладняў вядучы.
«Можна і так сказаць», — адказваў яму Гронскі, працягваючы думку пра патрэбу ва ўзмацненні псеўдагістарычнай ідэалогіі «заходнерусізму» у Беларусі.
Скончылася ўсё рэзюмаваннем расійскага гісторыка, што ў Беларусі не хапае «мясцовага рускага гледзішча» на гісторыю краіны.





