Кіраўнікам урадаў краін — удзельніц ЕАЭС пакуль не ўдалося ўзгадніць Мытны кодэкс. Праект гэтага дакумента трэба будзе ўзгадняць на сустрэчы ў Маскве, сказаў прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў пашыраным складзе 27 кастрычніка ў Мінску.

government.by

government.by

У пасяджэнні ўдзельнічалі кіраўнікі ўрадаў усіх пяці дзяржаў — членаў ЕАЭС: прэм'ер-міністры Арменіі Карэн Карапецян, Беларусі — Андрэй Кабякоў, Казахстана — Бакытжан Сагінтаеў і Расіі — Дзмітрый Мядзведзеў, а таксама выканаўца абавязкаў прэм'ер-міністра Кыргызстана Сааранбай Жээнбекаў.

Паводле слоў Мядзведзева, кіраўнікі ўрадаў краін ЕАЭС правялі некалькі гадзін у «даволі гарачых дыскусіях» адносна падрыхтоўкі новага Мытнага кодэкса. «Хачу сказаць, што сустрэча была карыснай менавіта таму, што заўсёды, калі сустракаешся, гэта магчымасць зняць тыя пытанні, якія назбіраліся і якія на іншым узроўні аказалася зняць немагчыма, — сказаў Мядзведзеў. — Практычна палову гэтых пытанняў мы знялі. Некаторая колькасць іх захоўваецца. Таму мы дамовіліся працягнуць абмеркаванне і ў самай кароткай перспектыве, на працягу найбліжэйшых трох тыдняў, сустрэцца ў Маскве, каб пастарацца даўзгадніць наяўныя рознагалоссі».

Мядзведзеў адзначыў, што ў новым Мытным кодэксе закладзеныя перадумовы для пераходу да адзінага мытнага рэгулявання. «Расія выступае за тое, каб гэта быў поўнафарматны паўнавартасны дакумент прамога дзеяння, не падзелены на часткі, не сегментаваны на нейкія адрэзкі, а менавіта які вызначае тое, як будзе існаваць Мытны саюз, будзе існаваць Мытны кодэкс і развівацца, адпаведна, наш Еўразійскі саюз», — сказаў Мядзведзеў.

Разам з тым, зазначыў у сваім выступе прэм'ер-міністр Расіі, «Еўразійскі саюз у нас упэўнена развіваецца». «Нягледзячы на неспрыяльныя эканамічныя ўмовы, удзельная вага ўзаемнага гандлю расце і дасягнула 14,2% ад агульнага аб'ёму. Яшчэ колькі гадоў таму яна была прыблізна 11%. Гэта ўсё ж такі рух наперад, а не ў адваротным кірунку», — заявіў Мядзведзеў.

Паводле яго слоў, галоўнымі на гэты момант з'яўляюцца задачы «па стварэнні нарматыўнай асновы, удасканаленне нарматыўна-прававой базы і пераадоленне адставання ў падрыхтоўцы дакументаў другога ўзроўню». «Трэба выконваць узятыя адзін перад адным абавязацельствы па фарміраванні адзіных рынкаў. Мы дамаўляліся, што ад гэтага адыходзіць не будзем. У гэтым напрамку трэба працаваць», — сказаў Мядзведзеў.

Ён падкрэсліў, што неабходна працягваць працу па ліквідацыі перашкодаў па чатырох свабодах. «Адзіная прастора без выключэнняў, бар'ераў і абмежаванняў — гэта найважнейшы складнік ўстойлівага росту, — заявіў расійскі прэм'ер-міністр. — І нягледзячы на тое што мы спрабуем дамаўляцца з нашымі партнёрамі па супрацоўніцтве ў межах зон свабоднага гандлю, яшчэ больш важным з'яўляецца ўстараненне ўнутраных бар'ераў».

У сваю чаргу прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у сваім выступе заявіў аб наяўнасці праблемных момантаў у еўразійскай інтэграцыі. «Перш за ўсё хацеў бы звярнуць увагу на рэгулярнае прыняцце на нацыянальных узроўнях пратэкцыянісцкіх па сваёй сутнасці рашэнняў, якія супярэчаць духу і літары саюза. Прыклады добра вядомыя», — сказаў ён.

Паводле слоў беларускага прэм'ера, не так актыўна, як хацелася б, бакі рухаюцца да ўзгодненай сельскагаспадарчай палітыкі, суб'екты гаспадарання скардзяцца на адсутнасць роўнага доступу да дзяржзакупак і транзіту.

«Але ж стваралі мы саюз, каб праблем ва ўзаемным гандлі стала менш. Калі мы не ліквідуем існыя бар'еры на двухбаковым узроўні супрацоўніцтва, не створым ўнутры саюза роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання, саюз наш будзе слабым і наўрад ці здолее абараніць інтарэсы нашых суб'ектаў гаспадарання нават на тэрыторыі саюза», — заявіў Кабякоў.

У ліку пазітыўных прыкладаў ўзаемадзеяння ў межах ЕАЭС ён прывёў праведзеную ў 2016 годзе лібералізацыю ўнутраных кабатажных перавозак, ухваленне канцэпцый агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў, а таксама ўвядзенне новых тэхрэгламентаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?