«Я атрымала вялікую прэмію. Лічу сваім абавязкам зрабіць, як у Бібліі — «дзясятую частку аддай», — сказала Святлана Алексіевіч. — Адзінае, што я, па-першае, не люблю публічнасці ў гэтай справе. А па-другое — гэта ж так шмат гора. Як пасля спаць, калі табе будуць пісаць! Гэта невыносна».

Алексіевіч далёка не першы раз матэрыяльна дапамагае розным людзям. «Бяды многа, мяне гора чалавечае прыцісне. Але калі я пабачыла каментары пад публікацыяй, я зразумела, што гэта павінна быць публічна», — тлумачыць яна, чаму гэтым разам сваю дапамогу вырашыла не хаваць.

Пра гісторыю маладых бацькоў са Слоніма Любові і Васіля Равенкаў Святлана Алексіевіч даведалася з публікацыі на радыё «Свабода». 

«Мы такога не чакалі ніколі. Не думалі, што нам нехта дапаможа, што такі чалавек знойдзецца», — Любоў і Васіль прыехалі са Слоніма разам зь дзецьмі. Малодшаму трохі больш за два годзікі. Старэйшай — трынаццаць.

— Елізавета, Аляксандра, Кацярына, Даніл, Тацяна і малодшы Міхаіл, — называе Любоў імёны дзяцей.

— Якія імёны ў вас! Біблейскія, можна сказаць, — кажа Сьвятлана Алексіевіч.

Пра Равенкаў Радыё Свабода напісала 15 кастрычніка. Любоў распавядала пра сваё няпростае жыццё і пра тое, як з шасцю дзецьмі яны дагэтуль жывуць на найманай кватэры. Каб зрабіць унёсак на ўласнае льготнае жытло, ім было трэба 3600 новых рублёў. Такіх грошай у сям'і, дзе працуе адзін бацька, няма.

— Які ў вас заробак? — спыталася ў Васіля Святлана.

— Чатыры з паловай — пяць мільёнаў, — адказвае мужчына, які працуе ў мясцовай гаспадарцы ветэрынарам.

Любоў атрымлівае 280 дэнамінаваных рублёў дапамогі на малодшага сына, якому яшчэ няма трох.

— На ўсіх іншых пяць дзяцей разам яшчэ даюць 82 рублі, — дадае Васіль.

— Як жа цяпер пражыць на чатыры мільёны з шасцю дзецьмі? — здзіўляецца Алексіевіч. — Гэта ж толькі адзення колькі, партфэляў!

Дом для шматдзетных сем'яў у Слоніме абяцаюць дабудаваць у студзені. Равенкам маюць выдзеліць трохпакаёвую і двухпакаёвую кватэру. Такая магчымасць была ў іх і летась, але тады грошай на ўнёсак яны не знайшлі. Не знайшлося іх і сёлета.

«Як гэта ў вас атрымалася так многа? — смяецца Святлана. — Напэўна, гэта каханне, інакш так многа не атрымліваецца».

Любе 31 год, Васілю — 27. Пра сваю сям'ю жанчына распавядае шчыра і падрабязна. Разам яны пяць гадоў.

«Былы муж ужываў алькагольныя напоі, — кажа яна — Я мучылася, мучыліся дзеці, я ў міліцыю звярталася. Я вырашыла, што лепш я адна буду зь пяццю дзецьмі, чым з такім мужам. Невыносна было».

У гэты перыяд сям'ю нават паставілі на ўлік — яна была ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэтае кляймо, кажа Люба, даводзілася здымаць зь сябе доўга.

Калі пазнаёміліся з Васілём, у Любы ўжо было пяцёра дзяцей. Малодшаму Данілу — толькі сем месяцаў.

«Гэта падарунак лёсу быў мне. Сказаў: «Як пабачыў — усё. Цяпер у цябе ёсць я, я стану для іх бацькам», — кажа Люба. — Тата для іх аўтарытэт у сям'і. Асабліва для Данілы. «Таго» тату ён і не ведае, той ім не цікавіцца. Я пакуль і не казала, што ён няродны».

Пасля ўжо вырашылі, што трэба і супольнае дзіця, кажа Люба.

«На УГД са мной хадзіў, і ў паліклініку, і такі быў задаволены, калі на УГД сказалі «хлопчык», — кажа яна.

«Каханне, — усміхаецца Раіса Генадзеўна, маці Васіля, якая прыязджае з Ружанаў дапамагаць сынавай сям'і. — Я юбілейная бабуля, у мяне ўжо дзесяць унукаў».

Любу і яе дзетак яна прыняла адразу і цяпер дапамагае, чым можа, са сваёй пенсіі, якую зарабіла даяркай.

За апошнія гады сям'я Равенкаў зьмяніла некалькі найманых кватэраў. Цяпер некалькі месяцаў жывуць у прыватным доме. Тут сціпла, чыста, ёсць усё неабходнае, а для дзяцей завялі козаў. Старэйшыя дзяўчаткі ходзяць у школу. Малодшы Міхал з маці дома, пяцігадовы Даніла — у садочку.

Мясцовыя ўлады, кажа Любоў, на першую публікацыю ніяк не адрэагавалі. Каментары пад артыкулам яна старалася не чытаць. У садочку сказалі, што такім артыкулам Равенкі «ганьбяць дзяцей».

«А чым я іх ганьблю, — са слязьмі ў голасе пытаецца Любоў. — Я што, пабіраюся? На ежу грошай ім прашу?!»

Пасьля публікацыі званок да іх быў толькі адзін — ад нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Хто яна такая, Любоў не ведала.

«Пасьля стала глядзець пра яе ў інтэрнэце, якая яна мужная жанчына, што такога дабілася. Мне стала трохі сорамна, што я не ведаю. Але я мала гляджу тэлевізар. Усё ў рабоце. Не ведаю, што такія жанчыны ёсць», — кажа яна.

«Я вам прынесла свае кнігі, — Святлана Алексіевіч пры сустрэчы падарыла Равенкам два свае выданні. — Пачытайце, што я пішу. Расціце разумнымі, добрымі».

На развітанне ўсе фатаграфуюцца разам на памяць.

«Мы нават не чакалі, што людзі адгукнуцца. Тым больш такога ўзроўню», — стрымана кажа Васіль.

Равенкі абяцаюць, што як толькі атрымаюць ключы, адразу пакажуць новую кватэру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?