Геолаг Андрэй Каўхута ў 2015 годзе быў прызначаны міністрам прыродных рэсурсаў.

На старонкі СМІ ён трапіў перад парламенцкімі выбарамі-2016, калі сын чыноўніка, здзівіўшы многіх, выказаў намер пайсці на парламенцкія выбары.

33-гадовы Віктар Каўхута — намеснік генеральнага дырэктара «Агракамбіната Ждановічы» — вылучыўся ад свайго працоўнага калектыву па акрузе «атамана» Мікалая Улаховіча. Аднак на выбары Каўхута-малодшы не быў дапушчаны.

Ці кансультаваўся ён з бацькам перад сваім вылучэннем? На гэтае пытанне міністр адказаў у праграме «Буйным планам» на «Беларусь-1».

«Мой сын першапачаткова атрымаў філалагічную адукацыю, а пасля атрымаў эканамічную, што яму зараз патрэбна. Яго выхавалі самастойным чалавекам, таму ён ідзе ўпэўнена самастойным шляхам. І прымае рашэнні самастойна», — загадкава заўсміхаўся міністр.

«Вы неяк раіліся з ім, абмяркоўвалі?», — паспрабаваў даціснуць вядучы.

«Не абмяркоўвалі», — запэўніў Андрэй Каўхута, які, відавочна, не хацеў абмяркоўваць тэму.

* * *

Бацька міністра быў даволі вядомым геолагам. Кандыдат навук Марлен Каўхута (імя ўтворана ад спалучэння МАРкс+ЛЕНін) працаваў у Мінскім дзяржаўным педінстытуце.

Ягоная жонка Маргарыта была спадчынным філолагам, дачкой літаратуразнаўцы. Яна ўгаворвала мужа змяніць «камуністычнае» імя, але марна.

Малодшая сястра міністра ад сярэдзіны 2000-ых жыве ў Славакіі і выкладае ў тамтэйшых універсітэтах. Сярод яе курсаў — беларуская мова. Ляшук — кандыдат філалагічных навук. «Развіццё лексічных сродкаў беларускай паэзіі», «Фальклорны тэкст у моўным адраджэнні славакаў і беларусаў», «Беларускія і славацкія казкі: лінгвістычная і тэкставая спецыфіка ўзаемаперакладу» — вось некаторыя тэмы яе даследаванняў.

Фоты з сямейнага архіву Каўхутаў:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?