Доктар Стрэндж
Жанр: фантастыка, фэнтазі, прыгоды, баявік
Рэжысёр: Скот Дэрыксан
У ролях: Бенедыкт Камбербэтч, Цільда Суінтан, Мадс Мікельсен, Чыветэль Эджіяфор, Рэйчал МакАдамс, Бенедыкт Вонг, Майкл Стулбарг, Бенджамін Брэт
ЗША, 115 хв.
Адзнака: 8

Стывен Стрэндж — надзвычай таленавіты і паспяховы нейрахірург. Але аўтамабільная аварыя ставіць крыж на кар'еры — у яго пашкоджаныя рукі.

Калі медыцына аказваецца бездапаможнай (пасля некалькіх аперацый рукі працягваюць дрыжэць), ён звяртаецца да нетрадыцыйных сродкаў і адпраўляецца ў Непал.

Там ён знаходзіць старажытных чараўнікоў, якія не толькі валодаюць таемнымі ведамі і адкрываюць былому доктару новыя прасторы духу, але і стаяць на варце Зямлі — Цёмнае вымярэнне можа паглынуць гэты свет.

Нечакана для сябе Стрэндж аказваецца ўцягнуты ў канфлікт дзвюх сіл, і цяпер на коне стаіць не толькі яго ўласныя жыццё і кар'ера, але і існаванне ўсіх людзей на планеце.

14-я стужка кампаніі Marvel Studios, вядомай выдатнымі экранізацыямі коміксаў, уводзіць у кінасусвет новага супергероя. Упершыню доктар Стрэндж з'явіўся на старонках коміксаў пра Чалавека-павука ў 1963 (стваральнікі — сцэнарыст Стэн Лі і мастак Стывен Дзітко), займеўшы ключавую ролю, але пасля ператварыўся ў другаснага персанажа.

Яго выхад на вялікі экран рыхтаваўся з 1986-га, але з розных прычынаў здымкі ніяк не маглі пачацца. Канчаткова каманда для цяпершняга праекта сабралася толькі ў 2014, а на ролю галоўнага героя зацвердзілі брытанца Бенедыкта Камбербэтча, зорку «Шэрлака» і наміната на Оскар-2015 («Гульня ў імітацыю»).

Атмасфера фільма адсылае да твораў, якія перакулілі кінасусвет, — «Матрыцы» Вачоўскі, фільмаў Стэнлі Кубрыка.

Згадваюцца таксама і некаторыя значныя фільмы апошніх гадоў — «Пачатак» і «Інтэрстэлар» Нолана. Канцэпцыя чараўніцтва запазычаная і з твораў японскага рэжысёра Хаяо Міядзакі.

Матывы паралельных светаў тлумачацца з пункту гледжання розных канцэпцый веры і навукі, але галоўная рыса фільмаў Marvel — забаўляльнасць.

Персанажы, хоць і дзейнічаюць рэаліях некалькіх вымярэнняў, спаборнічаюць у скрыўленні прасторы і часу, карыстаюцца і сучаснымі дабротамі цывілізацыі. Пастаноўка боек, стварэнне ілюзій прасторы — выкарыстаныя спецэфекты найвышэйшай якасці.

Стужка захоплівае з першых кадраў.

Фільм выкананы ва ўсходняй эстэтыцы. Некаторыя здымкі праходзілі ў Непале.

Сам Бенедыкт Камбербэтч правёў год у Дарджылінгу (Індыя), на добраахвотнай аснове працуючы выкладчыкам англійскай мовы ў будысцкім манастыры. Гэта аказала велізарны ўплыў на ўсё яго жыццё і ў падрыхтоўцы да ролі Стрэнджа ён абапіраўся на гэты досвед.

«Духоўнае вымярэнне — гэта як раз тое, што мяне цікавіць, — расказаў акцёр. - Гэта частка майго ўласнага жыцця. Я шмат медытую. Гэта вельмі карысны занятак, з дапамогай якога я магу супакоіцца, адпачыць ад насычанага жыцця, засяродзіцца на тым, каб стаць больш добрым і ўважлівым да іншых людзей».

Роля Старэйшыны, галоўнага чарадзея Зямлі, дасталася Цільдзе Суінтан. Ход неардынарны, бо ў коміксах персанаж гэты быў старцам. Аднак оскараносная брытанская актрыса, вядомая самымі разнапланавымі ролямі, выдатна ўпісалася ў сюжэт. Яшчэ адным калегам на здымачнай пляцоўцы стаў Чыветэль Эджыяфор, партнер Камбербэтча па здымках у «12 гадоў рабства» (2013). Ролю адмоўнага персанажа выканаў дацкі акцёр Мадс Мікенсен (серыял «Ганібал», 2013-2015).

Доктар Стрэндж адметны тым, што не атрымлівае сваю сілу пасля навуковых эксперыментаў або нейкіх мутацый. Ён чалавек навукі, які трапляе ў зусім іншы сусвет, спасцігае свабоду духу, не заціснутага ў абалонку фізічнага свету.

Гэты герой - адзін з наймацнейшых у коміксавым сусвеце.

Якім ён стане ў кінематаграфічным сусвеце - можна толькі здагадвацца, аднак з'яўленне персанажа ў «Мсціўцах» ужо анансаванае.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру