Беларусь вывучае магчымасці замяшчэння расійскай нафты пасля завяршэння ў Расіі падатковага манеўру, расказаў кіраўнік канцэрна «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка ў інтэрв'ю ТАСС. 

«Мы адпрацоўваем розныя рэжымы, калі скончыцца падатковы манеўр. Застаецца адзін год», — сказаў Ляшэнка.

Ляшэнка таксама заявіў, што Расея пакуль не вярнулася да паставак нафты ў Беларусь у ранейшых аб'ёмах, нягледзячы на дасягнутыя ўрадамі краін дамоўленасці. «Пакуль мы ў рэжыме чакання», — адзначыў кіраўнік «Белнафтахіма».

Нагадаем, што Расія прыняла рашэнне аб скарачэнні паставак нафты ў Беларусь у трэцім квартале да 3,5 млн тон у адплату за тое, што Беларусь не цалкам аплачвала газ. У сваю чаргу, Мінск называў выстаўленую «Газпромам» цану за газ несправядлівай і неадпаведнай цяперашнім цэнам на сусветным рынку. Змяншэнне паставак нафты выклікала дадатковае падзенне валавога ўнутранага прадукту Беларусі на 0,3% у трэцім квартале. Гэта пры тым, што ВУП і так скарачаўся другі год запар.

На фоне гэтага стала вядома, што Беларусь аднавіла пастаўкі нафты з Азербайджана. 19 кастрычніка ў Адэсе прышвартаваўся першы танкер. Нафту маюць перавозіць па чыгунцы на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Гэта дарагі варыянт, але ёсць і патэнцыйна таннейшы: рэверс нафтаправода Адэса—Броды.

Так званы «падатковы манеўр» у Расіі праводзіцца з 1 студзеня 2015 года. Яго сутнасць заключаецца ў тым, што ў перыяд з 2015 па 2017 год паэтапна скарачаюцца экспартныя пошліны на нафту (да 1,7 разу) і нафтапрадукты (да 1,7—5 разоў у залежнасці ад тыпу). Пры гэтым паралельна расце падатак на здабычу карысных выкапняў і падатак на здабычу газавага кандэнсату (у 1,7 і 6,5 разу адпаведна). Падатковы манеўр быў накіраваны на стымуляванне глыбокай перапрацоўкі нафты, каб кампаніі накіроўвалі на экспарт не сырую нафту і мазуту, а светлыя нафтапрадукты.

Беларускі ўрад дабіўся кампенсацыі за страты, якія краіна несла ў выніку манеўру. Калі раней па міжурадавым пагадненні Беларусь вяртала экспартныя мыты за нафтапрадукты, вырабленыя з расійскай нафты, у расійскі бюджэт, то ад 2015 года яны заставаліся ў беларускім бюджэце.

Такія сукрытыя субсідыі за нафту і газ у апошнія дзесяцігоддзі ляжалі ў аснове беларускай эканамічнай мадэлі. Яны давалі канкурэнтныя перавагі беларускім прадпрыемствам перад прадукцыяй суседніх усходнееўрапейскіх краін, а заробленыя грошы складалі аснову беларускага бюджэту. Узамен за гэта беларускія ўлады праводзілі палітыку русіфікацыі, васальны курс на міжнароднай арэне і ў галіне бяспекі і давалі прэферэнцыі для расійскіх тавараў і капіталаў у рамках Мытнага саюза. Глыбокае падзенне расійскай эканомікі ў выніку патаннення нафты і ўзяты Масквой курс на канфрантацыю з Еўрасаюзам і ЗША прывялі і да крызісу ранейшай мадэлі беларуска-расійскіх адносін.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру