Старшыня партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін і яго намеснік Валерый Ухналёў. Фота БелаПАН

Старшыня партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін і яго намеснік Валерый Ухналёў. Фота БелаПАН

«Даводзіцца канстатаваць адсутнасць цяпер сярод палітычных партый Беларусі такіх, якія маглі б стаць патэнцыяльнымі партнёрамі «Справядлівага свету» па левым блоку. Для партыі гэта стварае ўнікальнае становішча, бо яна фактычна становіцца адзінай левай партыяй, якая знаходзіцца ў апазіцыі да дзейнай улады», — заявіў намеснік старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Валерый Ухналёў, выступаючы 29 кастрычніка з дакладам на VI пленуме цэнтральнага камітэта арганізацыі. Яго цытуе БелаПАН.

Паводле яго слоў, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, якую ўзначальвае Станіслаў Шушкевіч, «насуперак сваёй назве, з'яўляецца адназначна правацэнтрысцкай». Кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, па словах палітыка, «у рэальнай палітыцы больш схільнае да саюзаў з лібераламі, кансерватарамі і наогул з кім заўгодна, акрамя палітычных сіл, гатовых да сацыялістычных пераўтварэнняў на справе». Аргкамітэты Беларускай партыі жанчын «Надзея» і Беларускай партыі працы, па словах Ухналёва, наўрад ці змогуць «ў агляднай будучыні дамагчыся рэальнага адраджэння» арганізацый. Акрамя таго, адзначыў ён, Беларуская партыя «Зялёныя» «цалкам засяродзілася на ўнутраным будаўніцтве і чыста «зялёных», вузка экалагічных пытаннях».

Але ў Беларусі існуе шмат розных груп левых актывістаў, якія па сваіх ідэалагічных поглядах з'яўляюцца аднадумцамі і не прымаюць створаную ў Беларусі палітычную і сацыяльна-эканамічную мадэль. З такімі групамі, сказаў палітык, «Справядліваму свету» неабходна знаходзіць кантакты і імкнуцца уключаць у партыю.

Па-другое, лічыць Ухналёў, партыя павінна «усяляк перашкаджаць тэндэнцыі, калі звычайная левая праблематыка перахапляецца і актыўна транслюецца правымі сіламі як ва ўладзе, так і ў апазіцыі».

«Справядлівы свет» мае намер ініцыяваць збор подпісаў пад законапраектам аб правядзенні выбараў па прапарцыянальна-мажарытарнай сістэме. «Сабраць 50 тысяч подпісаў, неабходных па Канстытуцыі для ўнясення законапраекта ў парламент, — задача выканальная», — падкрэсліў Ухналёў.

Таксама ён прапанаваў пленуму зацвердзіць рашэнне аб правядзенні ў 2017 годзе дзвюх агульнарэспубліканскіх масавых акцый: 1 Мая і да «100-годдзя Вялікага Кастрычніка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0