Мінгарвыканкам забраў участак на вуліцы Інтэрнацыянальнай, які выдзелілі ў свой час кампаніі, звязанай з вядомым бізнэсменам Сяргеем Дземчуком. Пасля падрыхтоўкі горадабудаўнічага пашпарта плануецца ў першай палове наступнага года выставіць канфіскаваны зямельны ўчастак на аўкцыён, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

Падмурак на Інтэрнацыянальнай. Фота: Уладзімір Чудзянцоў, TUT.BY

Падмурак на Інтэрнацыянальнай. Фота: Уладзімір Чудзянцоў, TUT.BY

Як паведамляў ej.by, на пачатку 2000-х кампанія «Сулона», у якой Дземчуку належала прыкладна траціна, узялася будаваць на гэтым месцы бізнэс-цэнтр «Верхні горад».

У верасні 2008 года сцяну Цоя, якая тут знаходзілася, дэмантавалі і вывезлі. Заклалі падмурак.

Фота: kudago.com

Але ў 2011 годзе стала відавочна, што на аб'екце праца амаль не вядзецца. На бізнэсмена завялі крымінальную справу. Абвінавачванне палічыла, што Дзямчук шляхам падману прысвоіў сабе 11 млрд рублёў дольшчыкаў. Замест таго каб укласці іх у будаўніцтва, «Сулона» накіравала частку на фінансаванне іншага аб'екта — жылога дома на вуліцы Кісялёва, а частку выдавала ў якасці пазык юрыдычным асобам, якія таксама былі падкантрольныя бізнэсмену. Тым самым былі парушаныя правы інвестараў і заканадаўства.

Вясной 2015 года бізнэсмену прысудзілі 8 гадоў пазбаўлення волі за махлярства. З улікам таго, што Дзямчук на той момант адбываў пакаранне за аналагічныя злачынствы, яму дадалі яшчэ адзін год.

Бізнэсмен сваёй віны не прызнаў. Некаторыя дольшчыкі таксама не лічылі яго вінаватым і спісвалі праблемы на крызіс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0