Жанр: фэнтэзі, драма, прыгоды
Рэжысёр: Цім Бёртан
У ролях: Ева Грын, Эйса Батэрфілд, Сэмюэл Л. Джэксан, Джудзі Дэнч, Элісан Джэні, Тэранс Стэмп, Эла Пернэл
ЗША, 127 хв.
Адзнака: 7

Дзед, якога маленькі Джэйкаб любіў больш за ўсіх сваіх родных, з маленства расказваў яму дзівосныя гісторыі пра дзяцей з незвычайнымі здольнасцямі (нябачны хлопчык, супермоцная дзяўчынка, блізняты, якія камунікуюць без слоў) і пра пачвараў, якіх бачыў. Пасталеўшы, Джэйкаб зразумеў, што гэтыя гісторыі — лухта і казкі. Але пасля дзіўнай і трагічнай смерці дзеда на вачах у хлопца той пакрысе высвятляе таямніцы яго жыцця.

Хлопчык аказваецца на выспе ва Уэльсе, дзе нібыта знаходзіўся дзіцячы дом, у якім вырас яго дзед.

Там ён знаходзіць уваход у пятлю часу, дзе некалькі маленькіх выхаванцаў разам з імбрынай міс Перэгрын пражываюць адзін і той жа дзень — 3 верасня 1943 года, калі іх дом быў разбураны нямецкім авіяўдарам.

Толькі там Джэйкаб зможа даведацца, якім было сапраўднае жыццё яго дзеда і ці валодае ён сам нейкімі незвычайнымі здольнасцямі.

Фільм зняты па кнізе амерыканскага пісьменніка Рэнсама Рыгза, якая была апублікаваная ў 2012 і адразу трапіла ў спіс бэстселераў паводле версіі The New York Times.

У рамане ад першай асобы расказваецца гісторыя Джэйкаба Портмана, які, шакаваны жорсткім забойствам дзеда, зусім не адразу кідаецца ў расследаванне. Ён патроху з'язджае з глузду, бо бачыць і адчувае жудасных пачвараў, якія палююць на яго. Кніга прасякнутая містыкай і таямнічым жахам, які вядзе да вар'яцтва. Герой спавядаецца перад псіхатэрапеўтам, і менавіта доктар скіроўвае яго на шлях даследавання ўсіх абставін жыцця дзеда. Адметная кніга яшчэ і тым, што ў ёй надрукаваныя старыя фотаздымкі дзяцей, сабраныя аўтарам і яго сябрамі, якія і натхнілі яго.

Можна зразумець, чаму Цім Бёртан, аматар незвычайных, фрыканутых персанажаў узяўся за экранізацыю такой кнігі.

Свет «Дома…» прапісаны няблага і даволі стройна. Пытанне тут не пра сусветнае дабро і зло, не пра выратаванне планеты. Гэта больш асабістая гісторыя - сям'і і спадчыны, расказаная ў стылі віктарыянскіх містычных раманаў. Пры гэтым Рыгз задумаў гульні з часам на манер аўтараў класічнай фантастыкі.

Але магчымасць уплываць на час аддаў магіі: імбрыны, якія могуць рабіцца птушкамі, па ўсёй планеце збіраюць дзяцей з незвычайнымі здольнасцямі. Яны ахоўваюць сваіх выхаванцаў з дапамогай петляў часу ад пачвараў і, уласна кажучы, уплыву самога часу, бо ўсе яны жывуць дзесяцігоддзямі і не сталеюць.

Галоўная роля дасталася маладой зорцы кіно, 19-гадоваму брытанцу Эйсу Батэрфілду. На рахунку Эйсы ўдзел у некалькіх серыялах і фільмах, у тым ліку галоўная роля ў стужцы «Хлопчык у паласатай піжаме» (2008) пра сяброўства яўрэйскага хлопчыка і сына каменданта канцэнтрацыйнага лагера ў часы Другой сусветнай.

Дуэт яму склала 20-гадовая брытанка Эла Пернэл, якую можна было ўбачыць у ролі маладой Малефісэнты (2014).

Галоўную дарослую ролю, міс Перэгрын, выканала эксцэнтрычная францужанка Ева Грын («Змрочныя цені», 2012), «Горад грахоў 2», 2014), а ролю злодзея, кіраўніка пачвараў, — легендарны Сэмюэл Л. Джэксан («Крымінальнае чытво» (1994), «Джанга вызвалены» (2012), эпізоды «Зорных войн»).

Фільм пакідае прыемнае ўражанне. Канцоўка не адпавядае кнізе, але створаная ў духу твора. Вынік атрымаўся куды больш казачным і светлым за першакрыніцу.

Дарэчы, у кнігі вышлі працягі - «Горад пустых» у 2014 і «Бібліятэка душ» летась.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?