Закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр «Вясна» прыняў рашэнне вярнуцца ў офіс на праспекце Незалежнасці, 78А. Гэтую кватэру ўлады канфіскавалі ў 2011 годзе, калі старшыні арганізацыі Алесю Бяляцкаму быў вынесены абвінаваўчы прысуд — ён з'яўляўся ўласнікам кватэры. Днямі праваабаронцы вярнуліся ў стары офіс і правялі там сустрэчу з прадстаўнікамі Amnesty international.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Айша Юнг, Андрэй Палуда і прадстаўнік Amnesty International Аляксандр Арцем’еў падчас візіту «Міжнароднай амністыі» ў Мінск 25 кастрычніка 2016 года.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Айша Юнг, Андрэй Палуда і прадстаўнік Amnesty International Аляксандр Арцем’еў падчас візіту «Міжнароднай амністыі» ў Мінск 25 кастрычніка 2016 года.

Прычынай правядзення сустрэчы ў гэтым месцы стала прынятае на днях Радай арганізацыі рашэнне аб аднаўленні працы ў гэтым памяшканні, адзначаецца на сайце spring96.org. У лістападзе 2012 года ўся маёмасць арганізацыі, якая знаходзілася ў офісе, была канфіскаваная і вывезеная судовымі выканаўцамі, а памяшканне, якое да гэтага часу знаходзіцца пад арыштам, апячатана.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і міжнародная супольнасць не прызнаюць законнасць пераследу Алеся Бяляцкага і настойваюць на яго поўнай рэабілітацыі. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне выкарыстаць арыштаванае і канфіскаванае памяшканне офіса для праваабарончых мэтаў.

Як паведаміла прадстаўніца «Вясны» Таццяна Равяка, арганізацыя часткова пераедзе ў кватэру на праспекце Незалежнасці, частка каманды застанецца працаваць у цяперашнім офісе па вуліцы Мяржынскага. У старым офісе, акрамя «Вясны», будуць прадстаўлены «Беларускі дакументацыйны цэнтр» і «Цэнтр даследавання грамадзянскай супольнасці Беларусі» (абедзве арганізацыі зарэгістраваныя ў Літве).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?