Украіна ўвяла абавязковае і публічнае дэклараванне даходаў і маёмасці дзяржаўнымі чыноўнікамі і дэпутатамі. Адным з самых багатых чыноўнікаў аказаўся прэзідэнт Пятро Парашэнка.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка задэклараваў права ўласнасці ў 104 кампаніях ва Украіне, Расіі, Польшчы, Іспаніі, Венгрыі, Літве, Кітаі, Брытаніі, Нідэрландах, на Кіпры і Брытанскіх Віргінскіх астравах. Ён паказаў за 2015 года атрыманне заробку ў суме 121 тыс. грн, працэнтаў у суме 12.375 млн грывень і інвестыцыйных даходаў у суме 49.665 грывень. Разам у пераліку — каля 2,5 млн даляраў даходу за год.

Адпаведныя дадзеныя ўтрымліваюцца ў электроннай дэкларацыі кіраўніка дзяржавы за 2015 год, якая з'явілася на серверы нацыянальнага антыкарупцыйнага агенцтва ў апошні дзень падачы дэкларацый.

Наяўнымі Парашэнка задэкляраваў 60 тыс. даляраў і 900 тыс. грн.

На банкаўскіх рахунках Парашэнка трымае 540 тыс. грн, 26,3 млн даляраў, 14 тысяч еўра.

Таксама прэзідэнт задэклараваў 3,85 млн даляраў і 1,1 млн грн у якасці сродкаў, пазычаных трэцім асобам.

Карпаратыўныя правы, названыя ў дэкларацыі — 93,93% у ТАА «Фірма» Экран «(Украіна). Акрамя гэтага, Парашэнка з'яўляецца ўладальнікам акцый у ПАТ «ЗНКІФ «Прайм Эссетс Кэпітал», ААТ «Акцыянерны камерцыйны прамыслова-інвестыцыйны банк» і Prime Asset Partners Limited.

Прэзідэнт задэклараваў калекцыю карцін ўкраінскіх і расійскіх майстроў ХІХ—ХХ стагоддзяў у колькасці 65 адзінак, калекцыю карцін старых майстроў у колькасці 15 адзінак, калекцыю карцін сучасных мастакоў імпрэсіяністаў і сюррэалістаў (4 адзінкі), калекцыю скульптур ХІХ—ХХ стагоддзя ў колькасці 6 адзінак, скульптуру «Хлопчык-рыбак» Гульельма Пугі (Guglielmo Pugi; 1870—1915).

Таксама ў дэкларацыі паказаныя мэбля, гарнітуры, люстры, тэхніка, гадзіннік, раяль Schimmel, дываны. Парашэнка задэклараваў 3 наручныя гадзіны Hublot, 1 Patek Phillip, і 2 — Breguet. У дэкларацыі таксама паказана ювелірныя вырабы і ўпрыгожванні — бранзалеты, кольцы, завушніцы, кулоны, каралі, мужчынскія запанкі, трымальнік для гальштука. Таксама Парашэнку належыць 2 норкавыя футра, паўшубак сабаліны, скураное паліто, жаночая скураная сумка ружовага колеру Fendi коштам 4 тысячы даляраў і чорныя скураныя жаночыя сумкі Dior і Chanel.

Жонка прэзідэнта мае на банкаўскіх рахунках усяго 71 тыс. грн і 8,9 тысяч еўра, яе зарплата па месцы працы ў ТАА «Інтерстарч Украіна» склала 11 тыс. грн (500 даляраў), у ТАА «Гандлёвы Дом» Інтерстарч Украіна» — прыкладна столькі сама, у дабрачыннай арганізацыі «Дабрачынны фонд Пятра Парашэнкі» — каля 2000 даляраў.

У дэкларацыі таксама паказана права ўласнасці Пятра Парашэнкі на жылы дом плошчай 1331 кв.м. і 3 зямельных ўчасткі ў Козіне пад Кіевам агульнай плошчай больш за 4 гектары, а таксама на тры зямельныя ўчасткі ў Кіеве плошчамі 10, 63 і 52 соткі, дзве кватэры ў Кіеве (134 і 82 кв.м. ), кватэру ў Вінніцы (68 кв.м), нежылое памяшканне ў Адэсе (35 кв.м), комплекс «База адпачынку Лебедзь» у горадзе Ліман Адэскай вобласці.

Акрамя таго, жонка Парашэнкі мае ва ўласнасці зямельны ўчастак на 19 сотак і дачны дом на 344 кв.м. пад Кіевам і гараж у Кіеве.

Парашэнка задэклараваў Mercedes-benz 2010 г.у, BMW і Range Rover 2011 г.в., Jaguar 2008 г.в., і катэр Bayliner 2005 г.в.

У сваім фэйсбуку Пятро Парашэнка падкрэсліў, што «ўсю каштоўную рухомую і нерухомую маёмасць: жыллё, зямельныя ўчасткі, аўто, карціны, жаночыя ўпрыгажэнні — я набыў да прэзідэнцтва. Больш за тое, збольшага маёмасць была набыта ў той час, калі я не быў на дзяржаўнай службе».

«Пра кампаніі — усе яны створаны ў той час, калі я займаўся бізнэсам. У 2014 была створаная толькі адна новая кампанія, якой я валодаю — для продажу Roshen. Я прынцыпова захоўваю сродкі ў банках — 27 млн даляраў, з кожнага цэнта якіх выплачаныя падаткі ў бюджэт Украіны. Усё гэта адлюстравана ў маёй дэкларацыі за 2015 год. Лічу, што палітыкі павінны дэманстраваць прыклад і давяраць банкаўскай сістэме», — заявіў Парашэнка.

Таксама Парашэнка адзначыў, што на дабрачыннасць і падтрымку арміі ў 2014—2016 гадах ім і прадпрыемствамі, дзе ён выступае канчатковым бенефіцыярам, пералічана каля 20 млн даляраў.

Чытайце таксама: Юлія Цімашэнка амаль не мае маёмасці, затое яе муж…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?