Рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска заблакаваны доступ да сайта Pramen.io. 

Сайт стаў недаступны з 29 кастрычніка.

У спісе рэсурсаў, якія маюць быць заблакаваныя, пералічваюцца таксама старонкі анархістаў Укантакце, у фэйсбуку і ў твітары, аднак яны застаюцца з Беларусі даступныя. 

Там група «Прамень» і паведаміла пра блакаванне. Анархісты сцвярджаюць, што сайт — гэта «інфармацыйна-аналітычны рэсурс, на якім змяшчаўся аналіз бягучых навінаў з пункту гледжання анархізму, артыкулы аб тым, як паспяхова супрастаяць карным дзеянням міліцыі, аб актыўнасці анархісцкага руху па ўсім свеце, і таксама інфармацыя аб акцыях анархістаў у Беларусі».

«Прамень» піша, што «наведвальнасць сайта была невялікай (30—50 унікальных наведвальнікаў за суткі, не лічачы паблікаў у сацыяльных сетках)».

«Мы не будзем наракаць на адсутнасць у Беларусі свабоды слова і неадпаведнасць дзеянняў улады Канстытуцыі — дзяржава даўно скінула свае маскі і паказала свой сапраўдны твар. Прасіць воўка, каб ён не еў ягня, спасылаючыся на Канстытуцыю ці правы чалавека — як мінімум, недарэчна. Усё што мы хочам сказаць: пазбавіўшы вас права збірацца на вуліцы, улада пазбавіла нас права вырашаць свой лёс. Пазбаўляючы нас доступу да інфармацыі у інтэрнэце, улада імкнецца пазбавіць нас права думаць самастойна, тым самым імкнецца зрабіць з нас бесславеснае быдла», — пішуць анархісты.

Яны заклікаюць выкарыстоўваць ананімайзеры, Tor, VPN і браўзер Opera ў рэжыме Turbo для доступу на сайты.

Анархісты стаяць на пазіцыях радыкальнага непрымання дзяржавы і яе структур. У той жа час яны падтрымліваюць барацьбу за грамадзянскія і нацыянальныя правы.

У Беларусі анархісты арганізавалі шэраг акцый пратэсту супраць сілавых структур і дзяржаўна-капіталістычнай эксплуатацыі з выкарыстаннем кактэйляў Молатава. Апошнія палітвязні-анархісты выйшлі з турмаў у 2015 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?