Кожны год пры канцы кастрычніка не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Усходняй Еўропе пачынаюцца дыскусіі адносна Хэлоўіна — навошта фэст жахаў, ці сумяшчальны ён з мясцовай нацыянальнай культурай і хрысціянскай верай.

Праціўнікі адзначаюць паганскія і нават сатанісцкія карані фэсту, кажуць пра падвышаны ўзровень злачыннасці, пра шкоду пераапранання чарцямі для душы і свядомасці падлеткаў, пра сляпое малпаванне артэфакта заходняй камерцыялізаванай поп-культуры.

Ірландскі Хэлоўін, ХІХ ст. Тут и ніжэй выявы — wikimedia.org

Ірландскі Хэлоўін, ХІХ ст. Тут и ніжэй выявы — wikimedia.org

Аднак мне падаецца, што калі падрабязна разглядаць такія аргументы, то дзейсных з іх застанецца не так шмат. З аднаго боку, сапраўды, Хэлоўін перайшоў у глабальную культуру ад ірландцаў, шатландцаў і ангельцаў. Як і па ўсёй Еўропе, тут былі хрысціянізаваныя старыя паганскія звычаі — місіянеры імкнуліся не выкараняць іх агнём і мячом, а, хутчэй, надаць ім іншы сэнс.

Паганскія звычаі праходзілі своеасаблівы працэс ачышчэння — святары і манахі шукалі тое добрае і чыстае, што варта пераняць і асвяціць, і пазбаўляліся цёмных і часам крывавых элементаў, якія былі несумяшчальныя з Хрыстовай верай. Такім чынам, напрыклад, мы цяпер маем у беларускай культуры тыя самыя Дзяды ці Каляды — святы з паганскімі каранямі, якія сталі хрысціянскімі.

У свеце, дзе цяпер дамінуе англасаксонская культура ў яе сучасным варыянце, Хэлоўін — альбо канун Дня ўсіх святых — страціў для пераважнай большасці ўсялякі рэлігійны сэнс. Сапраўды, ёсць неапаганцы і сатаністы, якія спрабуюць надаць фэсту сваё значэнне, але чаму хрысціяне ці проста разумныя няверуючыя павінны пагаджацца з такім перакручваннем сэнсу свята? Па сутнасці, што Хэлоўін у ХІХ—ХХ стагоддзях сярод ірландцаў-католікаў, што Самайн у кельтаў-паганцаў — гэта карнавал, які нагадвае пра існаванне іншага, духоўнага сусвету, дзень, калі духі і цені продкаў наведваюць нашчадкаў (параўнайце з нашымі Дзядамі).

Таксама гэта вельмі падобна да славутых еўрапейскіх карнавалаў (якія таксама маюць паганскія карані). Разгульны і вясёлы фэст перад пачаткам спакойнага і разважлівага Дня ўсіх святых — пэўны аналаг Тлустага аўторка ці Масленкі. Данс макабр, танец мёртвых, які стаў самай яркай рысай фэсту — гэта частка і хрысціянскай сярэднявечнай сімвальнай культуры. Memento mori — памятай пра смерць гэтага цела і свой лёс пасля смерці. Нават падчас свята.

Нагадаем, што нават маскі і ліхтары з гарбуза — гэта напамін пра ірландскую хрысціянскую казку, у якой герой падманвае сатану, але ягоныя грахі не даюць яму патрапіць і ў рай, таму ён ходзіць з ліхтаром па свеце і не можа знайсці сабе прытулку.

Заўважым, што нават Святая Інквізіцыя не змагалася ані з Хэлоўінам, ані з гэтымі фэстамі.

Маска з гарбуза ў Ірландскім музеі народнай культуры.

Маска з гарбуза ў Ірландскім музеі народнай культуры.

«Калі англійскія ці амерыканскія дзеці хочуць апранацца ў духаў і ведзьмаў раз на год, гэта не праблема. Калі гэта проста гульня, тут няма шкоды», — адзначаў ужо ў нашы часы каталіцкі святар-экзарцыст у Рыме а. Габрыэль Аморт.

У Паўночнай Амерыцы і Ірландыі Хэлоўін адзначаюць нават у каталіцкіх парафіяльных школках. Зацятае (і мне здаецца, памылковае) змаганне з Хэлоўінам толькі адштурхоўвае ад хрысціян людзей, якія проста весяляцца. Такім чынам робіцца тая памылка, якую ў першыя стагоддзі хрысціянства місіянеры здолелі не зрабіць. Сапраўды, у нашай культуры і соцыуме хапае іншых, рэальных праблем.

Значна эфектыўней і карысней распавядаць пра карані звычаю, які зараз ужо стаў амаль цалкам камерцыялізаваным і свецкім, надаваць святу больш глыбокі, у тым ліку хрысціянскі, сэнс. Ваяваць з маскарадам… Навошта?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?