Лідар маладафронтаўцаў Зміцер Дашкевіч напісаў у фэйсбуку адказ старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку і дырэктару БелТА Дзмітрыю Жуку.

Нагадаем, кіраўнікі дзяржаўных СМІ другі тыдзень запар у праграме «Клуб рэдактараў» працягваюць абмеркаванне акцыі маладафронтаўцаў, якія сабралі больш за 10 тысяч подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

* * *

Прусакі Жука і жукі Давыдзькі

Нічога не паробіш з тым, што ў галовах многіх людзей поўзае безьліч казурак.

— У яго поўна прусакоў у галаве, — тлумачыць адзін неадэкватныя дзеяньні кагосьці.

— У яго адны жукі ў галаве, — апісвае другі вар’яцкія заявы іншага.

Калі такія індывідумы трапляюцца па адной асобіне, гэта яшчэ паўбяды — іх можна абмінуць. Калі дзівосьнікі зьбіваюцца ў кучу — гэта ўжо перашкаджае жыць. У выпадку ж, як падуладныя казуркам асобіны займаюць галоўныя пасады ў краіне — становіцца пакутліва балюча за змарнаваныя 22 гады. На вар’ятаў, канешне, можна было б не зьвяртаць увагі, але казуркавая залежнасьць перадаецца ня толькі БэТэшна-палавым шляхам, але і паветрана-кропельным — і таму ёй трэба супрацьстаць з усёй адказнасьцю. Дык паспрабуем класыфікаваць казурак, якія палезьлі ў вушы электарату пасьля таго, як мы зь некалькімі сябрамі сабралі за месяц і падалі ў Мінкульт больш за 10 тысяч подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг.

Больш за ўсё насьмяшылі прусакі кіраўніка БелТА Дзьмітрыя Жука, якія адмарозілі наступнае: «Хачу вярнуцца да подпісаў. Хлопцы, якія падпісаліся, можа, вы яшчэ і свае пашпартныя дадзеныя сказалі? Дык за кагосьці крэдыт заплаціце. Не сьпяшайцеся падпісвацца».

Чаму ў прусакоў узьнікаюць такія хворыя асацыяцыі? Бо Жукі прывыклі, што пасьля кожнай выбарчай кампаніі за Лукашэнку — увесь народ расплачваецца па ягоных крэдытах. Мы ж ніякіх грошаў і крэдытаў не бяром ані ў Сані, ані ў любых донараў — мы жывем і рэалізуем маладафронтаўскую дзейнасьць толькі за свае грошы, толькі за ўнёскі сябраў арганізацыі. У адрозьненьне, дарэчы, ад Жукоў, якія чым хіба ня круцяць перад Расеяй ці МВФам — абы толькі ўрваць з чужой кішэні. А нумары пашпартоў, дарэчы, мы не перапісвалі — толькі адрас і кантакты, каб можна было праверыць подпіс чалавека.

Жукі ж кіраўніка БТРК Генадзя Давыдзькі спачатку распавялі нам свае дзіцячыя фобіі: «Фармальна подпісы збіраліся для перадачы ў Мінкультуры. /…/ Хутчэй за ўсё, гэтая папяровая армія патрэбна была, каб затым тыкаць дзесяццю тысячамі подпісаў у твар еўрачыноўнікам».

Тлумачу рупару прапаганды: подпісы і фармальна, і фактычна — ужо ў Мінкульце. Адносна ж еўрачыноўнікаў, дык я мяркую, што сёньняшнія Давыдзькі зь імі сустракаюцца ў наццаць разоў часьцей, чым маладафронтаўцы. Напрыклад, я і прыгадаць не магу, калі я ці нехта з МФ сустракаўся з еўрачынавенствам (у сёньняшнім палітычным гандлі нам такія сустрэчы і не цікавы нават), а вось як вынікае з давыдзькаўскіх жа СМІ, рознага плану прапагандысты і клеркі дыктатара з такіх сустрэчаў не вылазяць. Таму калі хто і тыкае чым перад еўрачыноўнікамі, дык гэта толькі Давыдзькі.

Далей жукі Давыдзькі пайшлі ў наступ і вырашылі нам хоць здалёк, але ж прыгразіць: «Нехта падпісваўся за вельмі прыгожае спалучэньне: белы, чырвоны і белы — прыгожы сьцяг. /…/ Сярод падпісантаў мог бы быць і я, і Павал Ізотавіч /…/ Але цягам месяца незарэгістраваныя маладафронтаўцы парушалі крымінальны кодэкс — артыкул 193 п.1, да двух гадоў /…/ Чаму іх не пасадзілі?! /…/ Баяцца?»

Давыдзьку, як кіраўніку белпрапаганды, трэба навучыцца правільнасьці фармулёвак. Маладафронтаўцаў ня проста «баяцца» саджаць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, але маладафронтаўцы адваявалі сабе гэтае права — чхаць на артыкул КК РБ 193.1 і дзейнічаць. Нагадаю прапагандысту, што Малады Фронт некалькі разоў спрабаваў у Беларусі зарэгістравацца, але шматразова атрымоўваў адмовы. У 2006-м жа годзе пачаўся крымінальны перасьлед: дзясяткі актывістаў пад справамі, судзілішчы ў Менску, Салігорску, Нясьвіжы, Жлобіне, Полацку, Баранавічах — усё гэта не прымусіла нас самараспусьціцца і сыстэма адступіла. 

Непаважаны спадар Давыдзька, мы адваявалі сабе права быць і дзейнічаць на сваёй зямлі — і як бы вы ні пыжыліся, у вас і вашай сыстэмы кішка танка ў нас гэтае права забраць. Бо ўсё, чым вы моцныя, дык толькі прусакамі вашымі і жукамі. Але і тых мы хутка вытравім з нашай зямлі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0