У міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне-2017», які пройдзе ў маі будучага года ў сталіцы Украіны - Кіеве, прымуць удзел 43 краіны, паведамляе БелТА са спасылкай на афіцыйны сайт міжнароднага песеннага конкурсу.

Такая ж колькасць краін удзельнічала ў конкурсах 2008 і 2011 гадоў. Сярод удзельнікаў — Румынія і Партугалія, якія вяртаюцца пасля гадавой адсутнасці. Аўстралія мае намер трэці раз удзельнічаць у конкурсе «Еўрабачанне». У мінулым годзе на сцэне ў Стакгольме аўстралійка Дэмі Ім заняла другое месца, а ў 2015-м у Вене Гай Себасцьян стаў пятым.

Боснія і Герцагавіна не будзе ўдзельнічаць у 2017 годзе ў маштабным песенным шоу Еўропы па прычыне рэарганізацыі нацыянальнага вяшчальніка.

Краіны — удзельніцы конкурсу «Еўрабачанне-2017»: Албанія, Арменія, Аўстралія, Аўстрыя, Азербайджан, Беларусь, Бельгія, Балгарыя, Харватыя, Кіпр, Чэхія, Данія, Эстонія, Фінляндыя, Францыя, Германія, Грузія, Грэцыя, Венгрыя, Ісландыя, Ірландыя, Ізраіль, Італія, Латвія, Літва, Македонія, Мальта, Малдова, Чарнагорыя, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Расія, Сан-Марына, Сербія, Славенія, Іспанія, Швецыя, Швейцарыя, Украіна, Вялікабрытанія.

Паўфіналы конкурсу песні «Еўрабачанне-2017» адбудуцца 9 і 11 мая, фінал — 13 мая.

У 2017 годзе «Еўрабачанне» пройдзе ў сталіцы Украіны. Кіеў прымаў ужо конкурс у 2005 годзе, а таксама дзіцячае «Еўрабачанне» ў 2009 і 2013 гадах. Міжнародны выставачны цэнтр, які выбраны месцам правядзення конкурсу, змяшчае да 11 тыс. гледачоў. Інфармацыя пра квіткі будзе аб'яўленая ў хуткім часе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру