Роўна месяц таму мінчук Уладзімір Рыжанкоў стварыў электронную петыцыю на сайце change.org, у якой выступае за поўную забарону бел-чырвона-белага сцяга. У ёй аўтар просіць Аляксандра Лукашэнку «спыніць прапагандаванне сімволікі здраднікаў», а сілавікоў — спыніць разгортванне ў Беларусі ўкраінскага сцэнара.

Сам Уладзімір Рыжанкоў — актывіст Нацыянальна-вызвольнага руху (НОД). Гэта такая фрыкаватая прарасійская арганізацыя, якая лічыць, што «беларусы — гэта праект Аўстра-Венгрыі, а Канстытуцыю нам напісалі ў ЗША». Унутры НОДа мяркуюць, што 80% чыноўнікаў у Расіі працуе на Захад.

У верасні Уладзімір Рыжанкоў стварыў цэлы шэраг электронных петыцый. Самай папулярнай з іх стала супраць бчб-сцяга, яе падпісала 353 чалавекі. Гэта пры тым, што ініцыятыва актыўна піярылася сярод прарасійскіх актывістаў і арганізацый.

Іншыя ж петыцыі Рыжанкова не набралі і сотню прыхільнікаў. Супраць беларускай лацінкі, якая выкарыстоўваецца ў метро і ў шыльдах з назвай вуліц, падпісалася ўсяго 53 чалавекі. За адраджэнне беларускай мовы часоў Францішка Скарыны выказалася 63 чалавекі.

Для параўнання: анлайн-петыцыю з заклікам прызнаць бел-чырвона-белы сцяг нацыянальнай каштоўнасцю, якую ініцыявалі маладафронтаўцы, падпісала 2300 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?