Суддзя Валерый Есьман вынес прысуд падлетку, які абвінавачваўся ў нанясенні лёгкіх цялесных пашкоджанняў былому супрацоўніку АМАП Алегу Шарко. 

Нагадаем, што да суда прывяла складаная гісторыя. Падлетак заявіў, што пасля затрымання яго з сябрам жорстка збілі ў аўтазаку, пагражалі сэксуальным гвалтам і нават справілі на іх галовы натуральную патрэбу. Прычым экспертыза сапраўды знайшла ў валасах падлеткаў сляды мачы.

Былы амапавец Алег Шарко.

Але складнікаў злачынства ў дзеяннях амапаўцаў не знайшлі, падлетка ж пакаралі ўмоўным тэрмінам. Той толькі ў слязах сказаў, што вынес для сябе ўрок — нельга распіваць алкаголь у публічных месцах.

У гэтай гісторыі выклікае грамадскі інтарэс не толькі вердыкт суддзі, але і алгарытмы паводзін сілавікоў.

«Наша Ніва» праглядзела старонку былога АМАПаўца УКантакце — той яе ўжо падчысціў, выдаліўшы большасць фота, але на відэа забыўся, ці не захацеў. 

А з відэа таксама можна зрабіць пэўныя высновы. 

Так, у відэазапісах на старонцы Шарко дамінуюць тэма Чачні, а таксама «Русь»: «Героі Русі», «Цвярозая Русь», гурт «Русь» і г.д. 

Але тыя відэа Шарко проста ў кагосьці ўбачыў і «расшарыў». 

А што ён дадаваў самастойна? 

Так, у 2013 годзе ён дадаў відэа гурту «Банда Москвы» «Віват, Россія».

У каментарыі пад відэа былы амапавец уласнаручна напісаў 1488!

1488 — гэта лічбавая абрэвіятура неанацыстаў, у якой 14 — колькасць словаў у англамоўнай фразе «Мы мусім абараняць нашую расу дзеля будучыні белых дзяцей», а 88 — падвоенае «H» — восьмая літара лацінскага алфавіту, што азначае зашыфраванае «Heil Hitler». 

«Фармат 18» — гэта расійская неанацысцкая арганізацыя, створаная ў 2005 Максімам Марцінкевічам (Цесаком).

Аб чым тое відэа, што натхніла Шарка на такі подпіс? «Наша Ніва» не можа змясціць яго праз непрыхаваную прапаганду гвалту, неанацызму і распальвання варожасці на нацыянальнай глебе.

У відэа пад музыку гучаць прымітыўныя ідэалагічныя заклікі неанацыстаў. 

Гэта суправаджаецца відэашэрагам з кадрамі выкідвання правай рукі (Хайль Гітлер), калектыўнага збіцця невядомых, нападзенняў са спіны на людзей і, уласна, партрэтам Гітлера і Расійскім імперскім сцягам. 

І гэта не адзінае відэа гэтага гурту ў відэазапісах Шарко. 

Незразумела, якім чынам Шарко ўвогуле трапіў у міліцыю і дзе ён заразіўся чалавеканенавісніцкімі ідэямі. Якая тут роля Акадэміі міліцыі, і чаму аддзел кадраў не здолеў ідэнтыфікаваць неанацысцкія схільнасці своечасова?

Органы ўнутраных спраў пакуль ніяк не пракаментавалі прычыны звальнення Шарко.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру