«Чаму рэформы не атрымаюцца (у Беларусі ў 2016 годзе)» — так гучала назва даклада памочніка прэзідэнта па эканоміцы Кірыла Рудага на Кастрычніцкім эканамічным форуме, што прайшоў у Мінску год назад. Той прагноз Рудага спраўдзіўся. Сёлета ягоны даклад быў такім жа чапляльным, але гэтым разам пасол Беларусі ў Кітаі пайшоў далей.

Кірыл Руды выбраў сабе за тэму «Чаму нам не трэба эканамісты». 

Эканамісты не ўплываюць на эканамічны рост, саркастычна пачаў Руды. Эканоміка ўпала, калі ўпалі сыравінныя рынкі і пачаўся адток капіталу з краін на шляху развіцця. Значыць, цяпер нам проста не шанцуе, прычым тут эканамісты?

Руды працягваў з інтанацыямі гумарыстаў.

Таму цяпер нашы эканамісты — гэта прадаўцы аблігацый дзярждоўгу, сказаў ён.

У нас другі год падае ВУП, падаюць даходы. У сваіх тэорыях эканамісты называюць гэта крызісам. Але ў нас у грамадстве разуменне крызісу рознае. Для старшага пакалення калі няма вайны, то няма й крызісу. А для малодшага пакалення ў нас ужо не крызіс, а проста горш няма куды. А калі няма адчування крызісу, то няма і патрэбы з яго выходзіць.

Эканамісты не патрэбныя і бізнэсу, бо яны ўносяць хаос, працягваў Руды. У іх няма рэальных паўнамоцтваў, каб паслаць ясныя сігналы бізнэсу. А калі паўнамоцтваў няма, то замест рашэнняў прымаюцца кампрамісы, якія вядуць да хаосу.

І, нарэшце, эканамісты не патрэбныя самі сабе, бо не могуць рэалізавацца. Прапануюць тое самае заўжды, і нікому іх праграмы не запатрабаваныя.

Таму, каб аднавіць эканамічны рост, нам трэба не эканамісты, працягваў Руды. Нам трэба бізнэсмены. Сітуацыя ў эканоміцы падобная да ваенных дзеянняў. А як перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне? Дзякуючы таму, што спыненне рэпрэсій вызваліла асабістую ініцыятыву. Таксама дзейнічалі і рэфарматары ў Кітаі, сказаў Руды.

Па-другое, нам патрэбныя юрысты, каб абараніць бізнэс, пакуль ён расце, ад сілавога ціску дзяржавы. Ён прывёў прыклады, што лічбы паспяховага абскарджвання санкцый дзяржаўных органаў бізнэсам мінімальныя.

Па-трэцяе, нам патрэбныя сацыёлагі, каб раскадаваць грамадства — грамадства, якое ўхіляецца ад адказнасці, якое хварэе на гігантаманію і хаваецца за савецкае мінулае.

Руды сказаў, што галоўнае зараз — трансфармаваць свядомасць людзей. І для гэтага, сказаў, трэба «мяняць фармат СМІ».

У мінулым годзе быў зроблены прагноз, што рэформаў у 2016 годзе не будзе. Іх практычна і не было, казаў Руды. Але ж ВУП працягвае падаць, сказаў ён. Значыць, праблемы сёння абумоўленыя ўжо не вонкавымі фактарамі, а ўнутранымі прычынамі, працягваў ён і расказаў кітайскую прыпавесць.

Мастак намаляваў на сцяне цмока. І такога прыгожага, што зафарбаваў вочы, бо баяўся, што ён адляціць.

Мы павінны перастаць замалёўваць вочы цмоку, падсумаваў Руды. «Нашай эканоміцы, як вочы, патрэбныя эканамісты. Але, не тыя, якія маўчаць і лічаць гэта лаяльнасцю, а тыя, якія папярэджваюць і лічаць гэта патрыятызмам». Так пад апладысменты залы сказаў ён у завяршэнне выступу, што прагучаў як кароткі маніфест рэфарматарскага крыла тэхнакратаў.

Кастрычніцкі эканамічны форум праходзіць у будынку Dipservice Hall, які ў свой час прымаў Клінтана і Кастра.

Адкрылі яго намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Мікалай Снапкоў, кіраўніца прадстаўніцтва Еўракамісіі Андрэа Віктарын і рэгіянальны прадстаўнік МВФ Бас Бакер.

КЭФ — рэдкая пляцоўка, дзе сутыкаюцца незалежныя эканамісты і дзяржаўныя чыноўнікі ўзроўню намеснікаў міністраў і намеснікаў старшыні Нацбанка.

У аргкамітэт Форуму сёлета ўвайшлі дырэктар бізнэс-школы ІПМ Павел Данэйка, навуковая дырэктарка даследчыцкага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая, выканаўчы дырэктар CASE Belarus Серж Наўродскі і дырэктар дэпартамента стратэгічнага менеджменту і скарбу «БПС-Сбербанк» Дзмітрый Голухаў.

Тэма форуму сфармуляваная як «Рэформы для ўцягваючага росту». З праграмай можна азнаёміцца на сайце форуму.

Жывая відэатрансляцыя:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?