Сьпяшаюся падзяліцца сваімі назіраньнямі. Па-першае, маленькая дзяўчынка яўна выглядала кантрастам на фоне аднагодкаў зь іншых краін — як правіла, тоўстых бугаёў. Гэта адразу стварыла нэгатыўны імідж нашай краіне — імідж краіны, дзе дзеці ледзьве ня пухнуць з голаду ў выніку эканамічнай палітыкі любімага прэзыдэнта. Што, сьпявачка не магла, рыхтуючыся да выступу, сесьці на адпаведную дыету? Магла, аднак, здаецца, хацела наадварот выглядаць, быццам блякадніца.
Цяпер заглянем у тэкст песьні. Яна цалкам двурушніцкая. Кожная фраза патыхае замахам на канстытуцыйны лад нашай дзяржавы. Песьня пачынаецца словамі «Мы разам». Ці не нагадвае яна вам пераказ вядомага слогану «Разам нас багата і г.д.»? Ксенія ня толькі публічна прапагандавала каштоўнасьці «аранжавай рэвалюцыі», аднак яшчэ і экспартавала іх на беларускую глебу.
Ідзём далей: «У доме пах хлеба і парнога малака». Кожны замежны слухач можа працягнуць дэдукцыйны ланцужок лягічных заключэньняў: калі ў доме пахне выключна такім небагатым асартымэнтам, то беларускія сем’і маюць вельмі прымітыўны спажывецкі набор.
«Сьвет такі прыгожы, як фарбы вясёлкі». Між тым, кожнаму вядома, што фляг з колерамі вясёлкі — гэта брэнд прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў. А калі верыць цэнтру «Есооm», якраз яны ствараюць электаральны касьцяк апазыцыі.
І нарэшце, да чаго заклікае Ксенія ў сваёй песьні? «Будзем жа сябрамі». Хіба гэта ня заклік да стварэньня нефармальных грамадзянскіх ініцыятыў? Сапраўды, ідэальная мадэль, каб абысьці закон. Накрывае, скажам, АМОН сход «Партнэрства», а баевікі-праваабаронцы на гэта мянтам кажуць: «А мы ніякая не НДА, мы проста так сябруем».
І ўжо ня буду падрабязна аналізаваць фінальныя словы — «Давайце памножым сьмех, усьмешкі і песьні». Вось яна, жыцьцёвая формула дармаедаў, алькашоў і бацькоў кінутых кіндэраў. Гарланіць і давіць лыбу ў той момант, калі не закончаны аддзелачныя работы ў «чупа-чупсе», прабачце, у будынку Нацбібліятэкі!.. Хіба гэта не кашчунства?
Маю надзею, што вы будзеце дастойнымі праўнукамі Жалезнага Фэлікса і прымеце неабходныя меры, каб ня даць пашырыцца гангрэне антыдзяржаўнай прапаганды. Мяркую, што паўтара году турмы стануцца добрым урокам для маленькай дыскрэдытатаркі нашай рэспублікі.
Заўсёды на варце рашэньняў 2-га Ўсебеларускага народнага сходу, ваш





