Мікалай Лазавік. Фота sb.by

Мікалай Лазавік. Фота sb.by

«Душой камісіі» назвала Лазавіка на цырымоніі развітання старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

«Мікалай Іванавіч быў чалавекам вельмі адкрытым. І для сродкаў масавай інфармацыі ён быў скарбніцай інфармацыі з першых вуснаў, інфармацыі сумленнай, інфармацыі, якая заўсёды была патрэбна журналістам», — сказала ў інтэрв'ю СТВ міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

«Ён быў выдатным чалавекам. Да таго ж вельмі высокім прафесіяналам, заўсёды быў душой выбарчай камісіі. Ні адна сур'ёзная праца, ні адна выбарчая кампанія, пакуль ён быў жывы і ўваходзіў у Цэнтральную камісію, не праходзіла без яго актыўнага ўдзелу», — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч.

Мікалай Лазавік памёр 5 лістапада пасля цяжкай хваробы на 66-м годзе жыцця. Ад пасады сакратара Цэнтрвыбаркама ён быў вызвалены 17 кастрычніка ўказам прэзідэнта.

Лазавік займаў пасаду сакратара ЦВК ад 2000 года. Ад 2006 года па 2015-ы знаходзіўся ў спісе асобаў, якім быў забаронены ўезд у ЕС у межах санкцый.

Лазавік нарадзіўся ў 1951 годзе ў вёсцы Невіняны Вілейскага раёна Мінскай вобласці. У 1972 годзе скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, у 1993-м — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, у 2000-м — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, у 2003 годзе — аспірантуру пры Акадэміі кіравання. Кандыдат эканамічных навук.

Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га склікання, уваходзіў у камісію па дзяржаўным будаўніцтве і мясцовым самакіраванні. У 1996 годзе паставіў подпіс за імпічмент Аляксандра Лукашэнкі, але потым адклікаў свой подпіс і пасля канстытуцыйнага рэферэндуму аб пашырэнні паўнамоцтваў прэзідэнта перайшоў у Палату прадстаўнікоў першага склікання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0