Былы палітвязень Мікола Дзядок быў затрыманы ў Вільні ў часе пікету перад будынкам расейскай амбасады.

Як паведаміў Дзядок, дзевяць чалавек (сярод іх, паводле Дзядка, былі «анархісты, палітычныя ўцекачы і сацыяльныя актывісты») наладзілі пікет ля амбасады Расейскай Фэдэрацыі ў падтрымку расейскага палітвязьня Ільдара Дадзіна, якога катуюць у расейскай турме.

Мікола Дзядок пачаў прамаўляць у мэгафон, аднак зьявіўся паліцыянт і, спасылаючыся на заканадаўства, прапанаваў пікетоўцам адыйсьці на 80 мэтраў ад будынку амбасады. Пікетоўцы адмовіліся гэта зрабіць, паколькі, як патлумачыў Дзядок, з такой адлегласьці іх ня будзе чутна. Тады Дзядка і яшчэ двух пікетоўцаў затрымалі і адвезьлі ў камісарыят паліцыі.

Праз тры гадзіны затрыманыя былі выпушчаныя. У інтэрвію Радыё Свабода Мікола Дзядок сказаў, што паліцыянты абыходзіліся зь імі карэктна. Аднак у сераду ці ў чацьвер Дзядка, паводле ягоных словаў, могуць выклікаць у Вільню для разгляду адміністрацыйнай справы.

Былы палітвязень, анархіст Мікола Дзядок быў асуджаны паводле абвінавачаньня ў хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў. Быў вызвалены летась пасьля пяці гадоў утрыманьня за кратамі. Сёньня Мікола Дзядок студэнт ЭГУ ў Вільні.

Чытайце таксама: Улада — зло, раскоша — злачынства, я мару пра Беларусь камунаў» — інтэрв’ю з анархістам Міколам Дзядком

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?