Найлепшай карцінай конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік» у 2016 годзе стала работа французскага рэжысёра Мішэля Гандры «Мікроб і Бензін». Журы абвясціла пераможцаў 8 лістапада.

Фільм з'яўляецца ўладальнікам узнагарод міжнароднага кінафестывалю ў Рыа-дэ-Жанейра 2015 года ў праграме «Сусветная панарама» і міжнароднага кінафестывалю ў Сіэтле (ЗША, 2016) у конкурсе «Наступная хваля».

Гісторыя распавядае пра ўзаемаадносіны школьнікаў-сяброў па мянушках Мікроб і Бензін з ціхага прыгарада Парыжа. Мікроба празвалі так таму, што ён субтыльны «батанік» і яго часта памылкова прымаюць за дзяўчынку. Бензін — з'едлівы «тэхнар», які выдатна разбіраецца ў механізмах, але так і не завёў ніводнага сапраўднага сябра. Бензіна пераводзяць у клас Мікроба, і хлопчыкі хутка знаходзяць агульную мову. Іх сяброўства толькі мацнее, калі яны пачынаюць збіраць уласны экстравагантны «драндулет».

Мішэль Гандры — незалежны рэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар. Вядомы сваім арыгінальным візуальным стылем і працай з мізансцэнай.

Прызы за найлепшую дзіцячую ролю і найлепшую дзіцячую ролю другога плана атрымаў фільм «Прыгоды Нэлі». Рэжысёр — Дамінік Весэлі (Германія).

Узнагарода ў намінацыі «Найлепшая праца дарослага акцёра ў дзіцячым фільме» дасталася Джордану Прэнтысу за стужку «На ўзроўні вачэй» (Германія) рэжысёраў Эві Гольдбрюнэра і Ёахіма Дольхапфа. Карціна таксама атрымала спецыяльны прыз журы.

Дыплом «Самаадданасць аператарскай працы пры апяванні прыгажосці навакольнага свету. Найлепшая аператарская праца» атрымаў аператар Сайман Ніблет за фільм «Маленькая паляўнічая з беркутам» (ЗША, Вялікабрытанія, Манголія).

Дыплома «За першае дарослае рашэнне ў жыцці падлетка» ўдастоены фільм «Варатар» (Бельгія, Францыя, Швейцарыя, рэжысёр Гіём Сенес).

Балгарскі фільм «Жалейка» Элізы Петкавай атрымаў дыплом «Майстэрства рэжысуры і вытанчанасць кінамовы».

Конкурс фільмаў «Лістападзік» штогод праводзіцца ў рамках Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?