У Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) лічаць правакацыяй акцыю аднаго з маладафронтаўцаў Змітра Дашкевіча на адкрыцці помніка Леніну ў Мінску 7 лістапада. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай прэс-службай партыі заяве.

фота Ірыны Арахоўскай

«Асобнымі апазіцыйнымі СМІ ў сувязі са спробай правакацыі пры адкрыцці помніка ў сталіцы было паведамлена, што нібыта «група моладзі сарвала адкрыццё помніка Леніну», а «падчас інцыдэнту лідара беларускіх камуністаў у мэтах бяспекі эвакуявалі», — сказана ў тэксце. — Інфармуем, што «групы моладзі» на мерапрыемстве не было, а быў старшыня радыкальнай палітычнай групоўкі «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч у адзіным экземпляры».

Камуністы сцвярджаюць, што Дашкевіч «быў эвакуяваны АМАПам у аператыўную машыну пасля таго, як залез з нейкай раздрукоўкай А4 на пастамент помніка». «Эвакуацыя Дашкевіча была праведзеная супрацоўнікамі падраздзялення ў позе «марской зоркі», пад белыя рукі-ногі. Тым не менш актывіст не зарэгістраванай у Рэспубліцы Беларусь арганізацыі падчас гэтага працэсу прымудраўся выкрыкваць лозунг «ганьба», які, імаверна, быў адрасаваны агульнай сусветнай несправядлівасці. Такім чынам, акцыя «Маладога фронту» па зрыве мерапрыемства доўжылася прыблізна 50 секунд, што, магчыма, было звязана як з неспрыяльнымі метэаўмовамі, так і з неспрыяльнай аўдыторыяй», — заяўляюць у КПБ.

Пры гэтым адзначаецца, што за «эвакуацыяй Дашкевіча кіраўніцтва Кампартыі Беларусі (на чале з першым сакратаром ЦК намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Ігарам Карпенкам) назірала з заўважнай доляй сарказму».

«Такім чынам, на думку камуністаў, эвакуацыя Змітра Дашкевіча была ажыццёўленая ў першую чаргу ў інтарэсах самога Змітра, за што яму варта было б падзякаваць сталічнай міліцыі», — заявілі ў партыі.

Нагадаем, Дашкевіч быў затрыманы падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця абноўленага помніка Леніну, які вынеслі з тэрыторыі МТЗ. Як толькі з помніка знялі покрыва, Дашкевіч стаў выкрыкваць «Ганьба!». У яго руках быў аркуш з цытатай Леніна пра тое, як трэба знішчаць духавенства. У адказ прысутныя актывісты КПБ сталі скандаваць «Ленін! Партыя! Камсамол!» і «Фашызм не пройдзе!». Некаторыя накінуліся на Дашкевіча. Як высветлілася пазней, адным з іх быў другі сакратар ЦК БРСМ і сакратар ЦК КПБ па працы з моладдзю Сяргей Клішэвіч. Затым у сітуацыю ўмяшаліся супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і АМАП у форме — актывіста з ужываннем сілы затрымалі і панеслі ў міліцэйскую машыну.

Паводле слоў Дашкевіча, па дарозе ў РУУС яго збівалі падгалоўнікам ад аўтакрэсла, задзіралі галаву і тыкалі ў рот міліцэйскай дубінкай, прамаўляючы грубыя выразы сэксуальнага зместу. У дачыненні да актывіста складзеныя тры пратаколы. «Па-першае, пратакол за правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Ужо пасля таго як я сказаў, што іх дзеянні так не пакіну, у міліцыі склалі пратакол за непадпарадкаванне іх патрабаванням, — нібыта я кідаўся на амапаўцаў у аўтобусе. І яшчэ хуліганства, што я сарваў святочнае мерапрыемства, нібыта залез на пастамент», — паведаміў актывіст.

Дашкевічу, паводле яго слоў, адразу у РУУС спрабавалі ўручыць позву ў суд на 11 лістапада, аднак ён хадайнічаў аб пераносе пасяджэння на 16 лістапада.

Акрамя аднаго з лідараў «Маладога фронту» АМАП затрымаў яшчэ трох актывістаў: Сяргея Пальчэўскага, Арцёма Леўчанку і Рамана Ганчарова. Пасля высвятлення асобы і складання пратаколаў іх адпусцілі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру