Скандальны дыякан Павел Шульжонак на сваёй старонцы Укантакце выклаў сёння фотаздымак з наступным надпісам: «Адпраўляюся ў Віцебск на вялікі форум, прысвечаны адзінству Рускага Народа. Спадзяюся, там надвор’е лепшае».

Хто такі Павел Шульжонак? Гэта 34-гадовы дыякан з Санкт-Пецярбурга. Ён праславіўся сваімі паводзінамі ў сацыяльных сетках. Напрыклад, Шульжонак мог запосціць сэлфі з могілак пасля нядаўняга пахавання ці з прыбіральні. Ён не саромеўся змяшчаць фотаздымкі з пабаў і бараў, дзе ўжываў піва. А таксама здзекаваўся з ахвяраванняў прыхаджан.

Шульжонак пісаў, што яго парафія падыгрывае «хунце» ва Украіне, а сябе параўноўваў з Сергіем Раданежскім, які блаславіў на змаганне Дзмітрыя Данскога. Прэзідэнта ЗША Шульжонак банальна называе «малпай», а ўкраінцаў — «свіннямі». Яшчэ дыякан адзначыўся тым, што вёў некаторыя службы часткова на ірландскай мове.

Такія паводзіны дыякана не засталіся па-за ўвагай. Яго адхілілі ад службы на тры месяцы, аднак праз нейкі час зноў аднавілі ў службе.

Павел Шульжонак неаднаразова ездзіў у так званую «ДНР». Ён не хаваў таго, што з’яўляецца духоўнікам «баявых падраздзяленняў Данецкай народнай рэспублікі». «Па вялікім рахунку тут павінен быць не я, а прэсвітары і іерэі», — казаў Шульжонак. Ён хадзіў з нашыўкай батальёна «Патрыёт» на святарскім адзенні.

«Я нікога не магу забіваць — гэта рэальнае абмежаванне, у адрозненне ад піва», — адказваў Шульжонак на пытанне, ці браў ён удзел у баявых дзеяннях.

Украіна забараніла святару ўезд на сваю тэрыторыю.

Куды ж едзе дыякан у Віцебск? 9—10 лістапада ў беларускім абласным цэнтры адбудзецца «Ірынінскі форум: духоўныя асновы славянскага свету».

Арганізатарамі выступаюць Патрыярхава падвор’е пры храме Святой Ірыны ў Маскве, Ніжагародская мітраполія, Віцебская епархія, Канцылярыя кіраўніка Расійскага імператарскага дома, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт. Мерапрыемствы будуць праходзіць у Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе і Віцебску. У Віцебску вядома, што пройдзе выстава пра сям’ю Раманавых.

Старшынёй форуму ў Віцебску выступае епіскап Дзмітрый (Драздоў).

Цікава, што некаторыя ўдзельнікі расцэньваюць форум як мерапрыемства аб «адзінстве рускага народа».

Якое дачыненне Шульжонак мае да Беларусі? У сваіх сацыяльных сетках ён некалькі разоў падымаў тэму нашай краіны. Аднойчы ён пакінуў спасылку на развагі маскоўскага эксперта ў пытаннях Беларусі Багдана Бяспальку, які разважаў пра буйства нацыяналізму ў нашай краіне. «Трывожныя званочкі з беларускай ускраіны», — напісаў Шульжонак.

Праўда, праз нейкі час прызнаў, што Беларусь мае права на сваё існаванне. Пасля таго, як Фомачкін на адкрыцці Паралімпіяды пранёс расійскі сцяг, Шульжонак напісаў: «У Расіі ўсё яшчэ ёсць маленькая братэрская дзяржава, якая, у адрозненнe ад Украіны, мае права на існаванне. Гэта Беларусь. У прынцыпе, калі наша ўлада і далей будзе шчоўкаць сваімі бакланавымі дзюбамі, як яна шчоўкала 20 гадоў у з Украінай, мы згубім і гэтую краіну, але пакуль што не. Амерыканскіх вылюдкаў Беларусь да гэтай пары не слухаецца».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру