Заснавальнік сеткі клінік «Новы зрок» Алег Каўрыгін, які некалькі гадоў таму па прычыне заведзенай на яго крымінальнай справы быў вымушаны пераехаць з Мінска ў Вільнюс, адкрывае як «літоўскі інвестар» клініку для вачэй у Брэсце.

Яна размясцілася ў выкупленым у 2011 годзе ў мясцовых уладаў будынку ў гістарычным цэнтры Брэста. У ім раней размяшчаліся памежнікі, да іх — КДБ, падчас Другой сусветнай вайны — гестапа, а ў польскі перыяд — таемная паліцыя «дэфензіва».

Цяпер Алег Каўрыгін, які з 2000 года развівае ў былых рэспубліках СССР сетку афтальмалагічных клінік «Новы зрок», чакае, што кожны год новую клініку змогуць наведаць 80 тыс. пацыентаў і ў ёй будуць праводзіцца 15 тыс. аперацый. Новая клініка дасць працу 160 супрацоўнікам.

Першую клініку, якая сёння працуе пад брэндам «Новы зрок», Алег Каўрыгін пабудаваў у 2000 годзе ў Мінску. Таксама на тэрыторыі Беларусі адкрыты афтальмалагічныя комплексы ў Гродне, Магілёве і Віцебску.

Яшчэ да яго пераезду ў 2010 годзе ў Вільню «Новы зрок» з'явіўся ў літоўскай сталіцы. Штогод там праводзіцца каля 8 тыс. аперацый, вялікая частка пацыентаў прыязджае з-за мяжы.

У 2015 годзе Алег Каўрыгін адкрыў Брытанскі афтальмалагічны цэнтр у Кіеве.

Аб планах развіцця клінікі ў Брэсце Алег Каўрыгін распавёў літоўскаму выданню Lietuvos rytas, у якім ён пазіцыянуе сябе як «літоўскага інвестара». Бізнэсмен абвінавачваўся ў кантрабандзе абсталявання, якая, па версіі следства, нанесла дзяржаве ўрон на суму 40 млн недэнамінаваных рублёў. У пачатку гэтага года крымінальная справа ў дачыненні да Алега Каўрыгіна было спынена. Але нягледзячы на гэта, ён не вярнуўся ў Беларусь і працягвае развіццё бізнэсу з цэнтральнага офіса ў Вільні. Там жа бізнэсмен, які атрымаў вядомасць у Беларусі, плануе адкрыць сучасны медыцынскі цэнтр для парадзіх, у якім будуць працаваць 600 супрацоўнікаў. Гэты праект ён планаваў ажыццявіць пры ўдзеле брытанскага інвестара ў Мінску да сваёй эміграцыі ў Літву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?