Хоць беларускія ІТ-інвестары перыядычна наракаюць на недахоп у краіне навукова-інжынерных стартапаў і спрабуюць прышчапіць інжынерам «старой школы» асновы бізнэс-мыслення, «глыбокія» праекты з сур'ёзнай навуковай базай і шырокім практычным прымяненнем у Беларусі ўсё-такі ёсць — праўда, некаторыя з іх аддаюць перавагу трымацца ў цені. Мінская каманда VibroBox ужо паўтара года распрацоўвае экспертную сістэму маніторынгу і дыягностыкі тэхнічнага стану прамысловага абсталявання. 90% навізны праекта, па словах яго стваральнікаў, заключаецца менавіта ў навуковай частцы.

На сёння распрацоўкай займаецца 28 чалавек. Інвестарам і ментарам стартапа стаў Аляксандр Залатароў, сузаснавальнік Maps.me, які гэтым летам пакінуў картаграфічны ІТ-праект, прададзены Mail.ru Group у 2014 годзе. СЕО VibroBox — Ігар Давыдаў, кандыдат тэхнічных навук, выкладчык БДУІР, эксперт у галіне лічбавай апрацоўкі сігналаў і машыннага навучання. У інтэрв'ю dev.by Давыдаў расказаў пра свой прадукт, цяжкасці і перспектывы.

З чаго пачынаюцца навукова-інжынерныя стартапы: адна размова з галоўным інжынерам завода «Камплект»

36-гадовы кандыдат тэхнічных навук, выкладчык факультэта радыётэхнікі і электронікі БДУІР Ігар Давыдаў успамінае даўнюю размову, якая адбылася ў 2011 годзе ў кабінеце галоўнага інжынера «Камплекта» Міхаіла Багданца, спецыяліста з вялікім досведам работы ў прамысловасці. Гаворка зайшла аб вібрадыягностыцы, якой Давыдаў, тады яшчэ аспірант, займаўся на ўзроўні «чыстай навукі».

— Дзіўная рэч: я магу звольніць з завода ўсіх прыбіральшчыц, наняць клінінгавую кампанію і не бачыць больш ануч на батарэях, — разважаў Міхаіл Рыгоравіч. — Але чамусьці не магу купіць для свайго прадпрыемства вібрадыягностыку прамысловага абсталявання як паслугу. Чаму? Ну не хачу я наймаць 10—15 чалавек і купляць ім дарагія прыборы! Я хачу «разумную скрыначку», якая сама ўсё прааналізуе і сама выдасць рэкамендацыі на экран майго камп'ютара — замяніць змазку ў падшыпніку або правесці балансаванне валаў турбіны. І каб на прадпрыемстве ніхто і пальцам да гэтай «скрыначкі» не дакранаўся. Можаш такое зладзіць?

Так чыстая навука, глынуўшы пылу ў завадскіх цэхах і пасля перамоваў адзін на адзін з работнікамі вытворчасці, пачала трансфармавацца ў стартап-ідэю.

Традыцыйная вібрадыягностыка: дарагоўля і чалавечы фактар

Умоўныя «анучы на батарэях», якія ўзгадаў галоўны інжынер «Камплекта», — метады і асаблівасці традыцыйнай вібрадыягностыкі прамысловага абсталявання — не мяняліся з 1960—1970-х. На заводах па ўсім свеце дыягнаставанне тэхнічнага стану абсталявання (Condition Monitoring) на аснове аналізу параметраў вібрацыі дагэтуль уладкована прыкладна адным і тым жа чынам.

Прыклад традыцыйнай вібрадыягностыкі ў дзеянні. Фота: maintworld.com

Прыклад традыцыйнай вібрадыягностыкі ў дзеянні. Фота: maintworld.com

Як правіла, для гэтага на прадпрыемстве ствараецца цэлы аддзел з 10—15 чалавек, якія выкарыстоўваюць вымяральнае абсталяванне (аналізатары з датчыкамі) сярэднім коштам у $10—20 тысяч за камплект. Работнікі з дня ў дзень павінны паўтараць руцінную працэдуру — у пачатку змены ўсталёўваць датчыкі на працоўнае прамысловае абсталяванне (пунктаў ці т. зв. «пляцовак» здыму вібрададзеных звычайна нашмат больш, чым датчыкаў), пасля абеду збіраць вынікі вымярэнняў і «глядзець у графіках, што там «грукае».

На ідэальным нямецкім або амерыканскім заводзе так і адбываецца, але пры перамяшчэнні па карце на поўдзень або на ўсход чалавечы фактар ўсё часцей паўстае супраць руціны: «Сёння ён схадзіў — а заўтра проста ў часопіс запісаў, што схадзіў. У цэху холадна ці, наадварот, +55 па Цэльсію, да некаторых пунктаў для замеру падпаўзаць прыходзіцца. Навошта кожны дзень гэта? Ён жа ўчора туды хадзіў!».

Другая і больш важная праблема ў тым, што гэтая схема з аддзелам вібрадыягностыкі ніяк не маштабуецца для сярэдніх і дробных прадпрыемстваў са штатам да 100 чалавек і двума-трыма адзінкамі адказнага абсталявання. І для сучасных вытворчасцей, якія ўжо адной нагой стаяць у Industry 4.0, на якіх жывых людзей у цэхах не адшукаеш, такога роду маніторынг бачыцца «інтэлектуальным і размеркаваным сэрвісам», а не камплектам з дарагіх прыбораў і рэдкіх спецыялістаў.

VibroBox: 90% навізны — у навуковай частцы

Фота: Андрэй Давыдчык, dev.by

Фота: Андрэй Давыдчык, dev.by

У апошнія гады прагрэс у галіне ІТ-інфраструктуры і камунікацый прывёў да зусім новых магчымасцяў захоўвання, апрацоўкі і перадачы дадзеных.

— У нейкі момант загарэлася лямпачка: трэба рабіць прадукт, колькі можна толькі навукай займацца, — успамінае СЕО VibroBox. — Усе перадумовы для стварэння падобных размеркаваных сэрвісаў ужо ёсць, як і людзі з патрэбнымі кампетэнцыямі. Мы падышлі да той кропкі, калі можна рэзка прасунуцца наперад.

«Лямпачка загарэлася» каля паўтара года таму. Тады ж стартавала распрацоўка прадукту, якой на сёння займаецца каманда ў 28 чалавек. Да гэтага часу ў Ігара Давыдава ўжо быў сур'ёзны досвед у сферы апрацоўкі сігналаў, уключаючы абарону дысертацыі і разуменне патрэбаў прамысловасці.

90% навізны распрацоўкі на дадзеным этапе, па словах Давыдава, заключаецца ў навуковай частцы праекта.

«Перакос» у навуку, нетыповы для стартапаў, адлюстраваны і ў структуры каманды: навуковым складнікам (апрацоўка дадзеных) займаецца 12 спецыялістаў, ІТ-распрацоўкай — пяцёра, яшчэ чацвёра інжынераў робяць датчыкі і сістэмы перадачы дадзеных.

Ігар Давыдаў аб навуковай частцы праекта:

«Сістэма ацэнкі тэхнічнага стану прамысловага абсталявання ўключае тры складовыя часткі. Першая — крыніцы сігналаў. Гэта можа быць уласнае абсталяванне альбо сістэмы іншага вытворцы з адкрытым API. У некаторых выпадках для ацэнкі тэхнічнага стану абсталявання досыць акустычнага сігналу, знятага сучасным смартфонам. Як паказвае практыка, у акустычным сігнале могуць быць устойліва вылучаныя наборы неабходных для аналізу інфарматыўных прыкмет.

Другая частка — сістэма апрацоўкі вібрацыйных сігналаў. Уяўляе сабой наборы спецыялізаваных алгарытмаў папярэдняй апрацоўкі вібрацыйнага сігналу (ачысткі ад шумоў, вылучэнне крыніц, удакладненне частаты кручэння валаў), алгарытмы фарміравання прасторы інфарматыўных прыкмет, класіфікатары, якія працуюць у гэтай прасторы, валідатары і сістэмы прыняцця рашэнняў з улікам развіцця працэсаў у абсталяванні. Асобны набор алгарытмаў — сістэма прагназавання рэшткавага рэсурсу і фарміравання набораў рэкамендаваных мерапрыемстваў па тэхнічным абслугоўванні абсталявання.

Трэцяя складовая частка — непасрэдна сам сэрвіс, які злучае ўвесь комплекс у адзіную працоўную сістэму. Яго задача — забеспячэнне функцыянавання сістэмы і візуалізацыя вынікаў работы комплексу».

Свет у нейронных сетках: паступовае пазбаўленне ад экспертаў

Калі прагрэс у галіне захоўвання і перадачы дадзеных у 21 стагоддзі здзейсніў рэзкі скачок, то апрацоўка і аналіз сігналаў і дадзеных у многіх сферах прымянення ўсё яшчэ патрабуе абавязковага ўдзелу чалавека, «эксперта з плоці і крыві».

— Вобласць традыцыйнай вібрадыягностыкі застаецца вельмі залежнай ад эксперта, — тлумачыць інжынер, тэхнічны кансультант праекта Віталь Аляшкевіч (на фота). — Гэта як з МРТ або спадарожнікавай выведкай: у інструментальную частку ўкладзеныя мільярды, створана наймагутнейшае абсталяванне, а ўрэшце ўсё адно сядзіць чалавек з лінейкай і глядзіць карцінку «на святло».

Усе напрацоўкі ў вобласці штучнага інтэлекту — машыннага і глыбіннага навучання, нейронных сетак — накіраваны на тое, каб вырашыць гэтую праблему, замяніўшы экспертаў з плоці і крыві лічбавымі аналагамі.

У шэрагу абласцей залежнасць ад эксперта ўжо слабее — напрыклад, у апрацоўцы малюнкаў, маўленчых сігналаў і медыцынскіх дадзеных. Забаўляльны сегмент, як правіла, першым з апетытам «з'ядае» новыя тэхналогіі: нейронавыя сеткі ў першую чаргу стрэлілі ў масавых праектах накшталт MSQRD і Prisma, таму што «ў вас вус адклеіўся» — гэта не бяда, у адрозненне ад, скажам, памылковай пастаноўкі дыягназу ў медыцыне.

«У вас вус адклеіўся»: серыял «Крамянёвая даліна» пакеплівае з «прарыўнога» стартапа ў сферы апрацоўкі малюнкаў.

Вібрадыягностыка ж у гэтым сэнсе — адна з самых кансерватыўных абласцей, якая вельмі марудна ўбірае новыя тэхналогіі і ўжо не хоча расставацца з экспертамі. Што ж перашкаджае навучыць нейронную сетку працаваць не горш (і, у перспектыве, лепш), чым дасведчаны вібрадыягност у заводскім цэху?

Дзве галоўныя праблемы: чаму ў гэтым кітайскім баевіку вучню цяжка перамагчы майстра

Праблема №1: ёсць шэраг абласцей, у якіх вельмі цяжка сфармаваць прастору інфарматыўных прыкмет і навучальную выбарку для нейроннай сеткі, каб тая «дагнала і перагнала» эксперта. І вібрадыягностыка — адна з іх.

— У апрацоўцы малюнкаў з гэтым усё проста: можна пасадзіць чалавека і папрасіць яго «скарміць» нейрасетцы 20 тысяч умоўных коцікаў і 20 тысяч умоўных сабачак, каб яна навучылася адрозніваць адных ад другіх, — распавядае Давыдаў. — У медыцыне з гэтым таксама нескладана: навучальная выбарка фарміруецца ў працэсе хваробы, на паперы, і доктар адразу ж «пазначае» атрыманыя дадзеныя — вось сімптомы, вось лекі, вось рэакцыя.

У вібрадыягностыцы ўсё не так: нават калі пасадзіць якога-небудзь механіка за пісьмовы стол і прымусіць «тлумачыць» кожны сігнал, разбіраючы і збіраючы зноўку абсталяванне, каб знайсці праблему беспамылкова («вось тут змазкі ў падшыпніку не хапае, а вось тут скол на целах качэння»), у выніку атрымаецца нейрасетка, якая працуе не лепш за механіка, які яе навучыў.

— А ў ідэале ж павінна быць як у кітайскім баевіку: вучань па ушу пераўзыходзіць майстра і перамагае яго, — праводзіць паралель Аляшкевіч.

Праблема №2: машын і механізмаў вельмі шмат, і нармальны рэжым працы аднаго абсталявання (да прыкладу, гільяціны, якая сячэ жалезны прут) ненармальны для іншага абсталявання (скажам, транспарту, які вязе расплаў сталі). Гэта ставіць перад вібрадыягностамі вельмі шырокую задачу: як калі б медыцына спрабавала «адначасова дыягнаставаць людзей, вужоў і вожыкаў», падкрэслівае Давыдаў.

З-за гэтых дзвюх ключавых цяжкасцяў VibroBox даводзіцца ісці да поспеху абходнымі шляхамі, «не ў лоб».

«Не ў лоб»: тады як?

Мяркуецца, што ў рамках праекта VibroBox будзе сфарміравана маса нейронных сетак, кожная з якіх навучаная пад канкрэтнае прамысловае абсталяванне. А вось як навучыць сеткі такім чынам, каб яны са старту працавалі на ўзроўні завадскога эксперта, а ў далейшым — усё лепш і лепш?

Каб дамагчыся прагрэсу «не ў лоб», праект VibroBox працуе на стыку машыннага навучання і шэрагу метадаў лічбавай апрацоўкі сігналаў з прывязкай да мадэляў.

Ігар Давыдаў: «Акрамя таго, ніхто не адмаўляецца ад прасторы інфарматыўных прыкмет, сфармаванай у рамках традыцыйных метадаў вібрадыягностыкі з апорай на спектры і спектры абгінаючай. У рамках праекта ствараецца шматузроўневая сістэма ацэнкі прасторы інфарматыўных прыкмет і класіфікацыі ў ёй. Спецыяльны набор алгарытмаў узважвае кожную інфарматыўную прыкмету і вызначае яго значэнне для сістэмы. Фактычна ў прыняцці рашэнняў калегіяльна ўдзельнічае маса як традыцыйных, так і самых сучасных алгарытмаў. Нейронная сетка, створаная пад канкрэтнае абсталяванне, навучаецца ў працэсе прыняцця гэтых рашэнняў, і яе вага ў сістэме ўзрастае».

— Мы нічога не адкідаем, — рэзюмуе Давыдаў. — Задзейнічаем і традыцыйную прастору інфарматыўных прыкмет, па якіх напісана велізарная колькасць падручнікаў, а таксама выкарыстоўваем кінематычныя схемы механізмаў і цэлы шэраг алгарытмаў, звязаных з маёй дысертацыяй.

Жалязякі — не ў цэнтры сусвету

У невялікім офісе на Лагойскім тракце стартап робіць уласныя датчыкі для вібрадыягностыкі арыгінальнай канструкцыі. Яны патрэбныя на этапе выпрабаванняў, паколькі змесціва такой скрыначкі вядома распрацоўшчыкам да апошняй шрубкі і можа быць аператыўна дапрацаванае.

Аднак у далейшым VibroBox мае намер зрабіць сваю сістэму цалкам сумяшчальнай з вібрадатчыкамі і кантролерамі іншых вытворцаў, калі тыя ўжо ўсталяваны на вытворчасці.

— Нам нецікава навязваць кліентам сваё жалеза. У цэнтры сусвету — не скрынка, а ЛАС (лічбавая апрацоўка сігналаў — Заўв. Dev.by), навука, сэрвіс. Жалязякі не змяняюць свет, — падкрэслівае Аляшкевіч.

Як правіла, буйныя гульцы, накшталт General Electrics, Siemens, вытворцаў ветраэнергетычных установак, распрацоўваюць сістэмы вібрадыягностыкі для свайго абсталявання. Аднак яны, па-першае, не з'яўляюцца ўніверсальнымі, а па-другое, часцяком не здольныя выдаваць (у тым ліку ў сістэмы ERP) гатовыя экспертныя заключэнні.

— Гэта сістэмы без экспертаў, — тлумачыць тэхнічны кансультант VibroBox. — Такая сістэма паведамляе: «Інжынер, падыдзіце, калі ласка, паглядзіце на экран, тут нейкаму падшыпніку дрэнна, відаць», — і на гэтым яе інтэлектуальныя здольнасці заканчваюцца.

Выпрабаванні на заводзе: ці вераць інжынеры, што іх заменяць нейрасеткі

Для «палявых выпрабаванняў» свайго прадукту, якія ідуць ужо некалькі месяцаў, VibroBox абраў буйное металургічнае прадпрыемства, чый аддзел вібрадыягностыкі мае шматгадовую гісторыю і «каласальны досвед».

— Людзі там працуюць па 20—30 гадоў. Можа, яны не спецыялісты па ЛАС, але чалавек, які 20 гадоў здымае дадзеныя з роднага прамысловага абсталявання, ужо ведае, чаго ад гэтага абсталявання чакаць.

Па словах Давыдава, за апошнія тры дзесяцігоддзі завадскія эксперты бачылі плойму аўтаматычных сістэм вібрадыягностыкі і пранікліся здаровым скептыцызмам: «Аўтаматычная! Ага, як жа! Слухайце, не расказвайце байкі, пакажыце нам спектр і графікі». Яны ўпэўненыя, што машына не хутка зможа разумець музыку вібрацый, як жывы спецыяліст.

Аднак у VibroBox на гэты конт іншае меркаванне: недалёкая тая гадзіна, калі машыны не проста «змогуць», але і зададуцца пытаннем: «навошта тут гэтыя бялковыя целы ва ўніформе, калі мы і самі спраўляемся», — жартуе Аляшкевіч.

У рамках Industry 4.0 любое абсталяванне — за кошт убудаванай альбо ўсталяванай дадаткова сістэмы ацэнкі тэхнічнага стану — павінна паведамляць у сістэму кіравання прадпрыемствам пра магчымыя праблемы. Гэта цалкам бязлюдныя вытворчасці, функцыя эксперта — толькі кантроль.

Як вырасціць каманду «без нітратаў», калі спецыялістаў па апрацоўцы дадзеных не хапае

Хоць мясцовая ІТ-індустрыя ўжо праяўляе вялікую цікавасць да спецыялістаў у галіне апрацоўкі дадзеных, беларускія ВНУ пакуль не гатовыя пастаўляць іх «валам, як распрацоўшчыкаў-сеньёраў».

— Паглядзі налева — убачыш NET-распрацоўшчыка, направа — UI-дызайнера, а data scientist амаль няма. Гэта сур'ёзная праблема, — упэўнены Давыдаў. — Спецыялістаў па апрацоўцы дадзеных у нас рыхтуюць фрагментарна: БДУ спрабуе ўкараняць big data на шэрагу факультэтаў, вучыць працаваць з класіфікатарамі тыпу нейронных сетак, але гэтага пакуль недастаткова для вобласці прымянення, якая так імкліва расце. Праз гэта ў нас вельмі мала людзей, якія ўмеюць, напрыклад, складаць прастору інфарматыўных прыкмет для нейронных сетак. Звычайна гэта прафесары, людзі адзінкавыя, і яны не заўсёды будуць працаваць у стартап «з энергіяй стартапа».

Таму Давыдаў «вырошчвае» каманду VibroBox сам: у розны час ён падключаў да працы каля 20 студэнтаў БДУІР.

— Бярэш перспектыўных студэнтаў — чалавек 10, вычытваеш ім два курсы дадатковых лекцый па ЛАС з заданнямі. З іх застаецца 6. Пачынаеш грузіць — выжывае два.

Сёння з ліку экс-студэнтаў БДУІР у стартапе занята 3 чалавекі, страта якіх для VibroBox «была б практычна незаменнай». Такі падыход да фарміравання каманды Аляшкевіч жартам называе «арганічным стартапам без нітратаў, дзе ўсё зроблена сваімі рукамі — самі выгадавалі, самі пакасілі».

— Адзін чалавек з кампетэнцыямі — гэтага мала, патрэбныя хаця б 4—5, якія здольныя апаніраваць адзін аднаму і падзяліць паміж сабой працу, — падсумоўвае СЕО VibroBox. — Гэта самае каштоўнае, што ў нас ёсць: каманда, вырашчаная сваімі рукамі.

Інвестары і «што мы робім у цені»

Сузаснавальнік Maps.me Аляксандр Залатароў (на фота) гэтым летам пакінуў картаграфічны ІТ-праект, які належыць Mail.ru Group. Ён з'яўляецца інвестарам і ментар VibroBox, пра што нядаўна распавёў на сваёй старонцы ў Facebook.

Сам Ігар Давыдаў прызнаецца ва ўласнай нелюбові да «гандлю асобай», з-за якой аддае перавагу «працаваць у цішы» і не свяціцца на рознага роду стартап-мерапрыемствах. Аднак правілы стартап-гульні такія, што рана ці позна ў свет даводзіцца выходзіць.

«Як сказаў нам адзін разумны чалавек, не бывае сакрэтных стартапаў. Пакуль вы моўчкі працуеце ў падполлі, ніякі вы не стартап, а проста лабараторыя сакрэтных фізікаў», — кажа Віталь Аляшкевіч.

СЕО VibroBox, зрэшты, не хоча ўсё жыццё займацца вібрадыягностыкай: калі гэты «ўзровень гульні» будзе пройдзены, яму цікавыя іншыя пункты прыкладання для распрацаванай тэхналогіі.

Ужо зараз зразумела, што навуковая частка стартапа можа быць «сэрвісам сама па сабе». На яе аснове можна стварыць агульнадаступны хмарны ЛАС з адкрытым API, які дазволіць іншым стартапам апрацоўваць любыя дадзеныя з любога пункту свету, — цяпер гэта «дэфіцытная рэч», і буйныя ІТ-гульцы накшталт Microsoft і Google імкнуцца задаволіць дэфіцыт сваімі хмарнымі рашэннямі.

— Трэкераў, якія здымаюць дадзеныя з усяго жывога і не вельмі, сёння вельмі шмат. Але калі прыгледзецца да стартапаў, якія іх множаць, то разумееш простую рэч: у 90% каманд няма адпаведных кампетэнцый у сферы апрацоўкі дадзеных, — лічыць Ігар Давыдаў. — Вось, скажам, трэкер, які вызначае, галодны ці не ваш сабака. Як звычайна робяць? Здымаюць з сабакі частату дыхання і гучнасць брэху, напрыклад, і аддаюць іх наўгад у нейрасетку: глядзі, вось тут нейкі пік, напэўна, гэта азначае, што ён галодны! А можа, злы? Ці можа гэты пік служыць інфарматыўнай прыкметай? Невядома.

Давыдаў лічыць, што яго каманда зможа вырашыць задачу агульнадаступнага хмарнага ЛАС «на нядрэнным узроўні» — не выключана, што стартап зоймецца гэтым ужо ў наступным годзе.

Энергія стартапа: як загнаць трох коней за тры месяцы

Усе гэтыя паўтара года VibroBox працуе ў больш-менш размераным тэмпе — замест таго, каб «ўкалываць з энергіяй стартапа» ў рэжыме 24/7.

— Я нікога не прымушаю і не стараюся зрабіць авертайме часткай карпаратыўнай культуры, — распавядае Ігар Давыдаў. — Проста ўсім цікава. Ідэя такая: мы працуем, таму што цікава, і ніхто не гоніць у спіну. Таму даследчая частка працы выконваецца вельмі акуратна, без істэрыкі. Алгарытм рэалізуецца так, як трэба, і тэстуецца столькі, колькі трэба. Без спроб «здаць у прадакшн тое, што ёсць, таму што тэрміны». Наступны крок заўсёды патрабуе спакойнага асэнсавання вынікаў папярэдняга. Інакш будуць сур'ёзныя глабальныя пралікі.

Стваральніка VibroBox бянтэжыць трэнд «пра 100-гадзінны працоўны тыдзень», які цяпер усюды праскоквае: «Шцірліц паспаў 20 хвілін і паехаў на працу», — у такім стылі нібыта працуюць усе ІТ-правадыры, ад Маска да Маер.

— На тое ёсць аб'ектыўныя прычыны: інвестарам падабаюцца кароткія дыстанцыі і хуткія забегі, таму што гэта скарачае не толькі ўкладанні, але і рызыкі (за два месяцы ў стартапе, хутчэй за ўсё, ніхто не развядзецца і не ажэніцца). Але асабіста я гэта не люблю, — прызнаецца стваральнік VibroBox.

Менавіта таму Давыдаву не падабаецца «біпалярны» стыль работы, характэрны для некаторай часткі айцішнікаў: калі сёння чалавек накідваецца на працу, «як ваўкадаў на ланцугу, ты яго спрабуеш ўтрымаць, а ён ужо ўсё зрабіў» — а назаўтра ўпадае ў роспач са словамі «я стаміўся, я сыходжу».

Стартап ў сферы data science — гэта забег на доўгую дыстанцыю, які патрабуе штодзённай мернай працы «без істэрыкі» і псіхічна здаровую каманду. «Калі гнаць коней, атрымаеш не прадукт, а трох здохлых коней напрыканцы трох месяцаў», — рэзюмуе Аляшкевіч.

Парада выкладчыка: трэба глядзець далей, чым за $2000 праз паўтара года

Быць праграмістам сёння — гэта вельмі мала, упэўнены Ігар Давыдаў. ІТ-асяроддзе, па яго назіраннях, валодае шэрагам цікавых уласцівасцяў.

— Яна вас вельмі хутка прымае, $500 адразу, да $1000 хутка, $1500 у найбліжэйшай перспектыве, а там і пагоны сеньёра. Але далей — цікавая сітуацыя. Вы ўключаны ў харчовыя ланцугі, у шчыльным графіку клацаеце па клавішах, асвойваеце новыя тэхналогіі, над душой стаіць PM з тайм-трэкерам. Гэта прышпільна ў 20 гадоў, у 25 — менш, да 30 пачынаеш часаць рэпу, а ў 35 не хочаш асвойваць новую бібліятэку C++ Boost толькі таму, што яна, блін, з'явілася! Але ты ўжо дарос да $2500, і табе ў спіну дыхаюць тры студэнты БДУІР. Яны ўжо асвоілі C++ Boost. Яны прыйшлі па твае $2500.

— І спальныя мяшкі прынеслі ў офіс. А ты ўжо горш бачыш і злёгку накульгваеш, — падхоплівае Аляшкевіч. — І яны цябе як-небудзь у калідоры каля кавамашыны падлавілі ў прыцемку, кульгавага каня, які не хоча больш працаваць «з энергіяй стартапа».

У ПВТ можна пайсці і пасля 3 курса — але, на думку Давыдава, лепш выдаткаваць 4—5 курс, каб набыць дадатковыя сур'ёзныя кампетэнцыі і стаць праграмістам ++: «Тады вы трохі зверху, над праектам. Хтосьці павінен руліць, бачыць праект цалкам. Калі такога чалавека прыбраць з канторы, то вылеціць цалкам кірунак». А для праектнага менеджара з пытаннем «Што ты рабіў два дні?» у праграміста ++ заўсёды ёсць аргументаваны адказ: «Думаў».

Таму сузаснавальнік VibroBox, навуковы кіраўнік у НДЛ НДЧ БДУІР раіць пачаткоўцам-распрацоўшчыкам «глядзець крыху далей, чым за $2000 праз паўтара года».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?