Падчас праведзеных рэферэндумаў у ЗША жыхары штата Небраска адмянілі мараторый на смяротнае пакаранне, а ў Каларада дазволілі эўтаназію для смяротна хворых, піша ВВС. 

За адмену ўведзенага ў 2015 годзе мараторыя на смяротнае пакаранне ў Небрасцы прагаласавалі 61,2% выбаршчыкаў, за яго захаванне — 38,5%. Як адзначаюць назіральнікі, большасць тых, хто галасаваў за адмену мараторыя — жыхары пераважна сельскіх раёнаў.

Смяротнае пакаранне будзе прымяняцца толькі да асуджаных за забойства першай ступені.

Як заявіў адзін з лідараў ініцыятыўнай групы, якая выступала за вяртанне пакарання смерцю, на вынікі галасавання маглі паўплываць нядаўнія гучныя забойствы. У якасці прыкладу ён прывёў справу Ніка Джэнкінса, які ў 2013 годзе забіў чатырох чалавек у горадзе Амаха — як ён запэўніваў, па загадзе старажытнаегіпецкага бога Апофіса.

У Каларада ў выніку збору подпісаў быў вынесены на публічнае галасаванне законапраект аб эўтаназіі для смяротна хворых пацыентаў, якім лекары прагназуюць смерць на працягу паўгода.

Закон дае такім пацыентам магчымасць «атрымаць лекі, якія можа прыняць сам пацыент, і якія ў гэтым выпадку выклічуць яго смерць, у любога ліцэнзаванага і ахвотнага [выдаць такія лекі пацыенту] лекара».

Апроч Каларада, эўтаназія на сённяшні дзень легалізаваная ў штатах Вашынгтон, Вермонт, Арэгон і Каліфорнія. У астатніх штатах асіставанае самагубства забароненае.

Смяротная кара прадугледжаная заканадаўствам 31 штата ЗША, аднак у большасці з іх гэтая мера пакарання не ўжываецца.

У 2015 годзе ў ЗША былі пакараныя 28 асуджаных — у штатах Тэхас, Місуры, Аклахома, Джорджыя, Фларыда і Вірджынія. З пачатку 2016 года ў ЗША пакаралі смерцю 17 чалавек.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру