Дастаткова нечакана 45-м прэзідэнтам ЗША стаў 70-гадовы мільярдэр Дональд Трамп. Хто гэты чалавек, які нават для амерыканцаў застаецца пэўнай загадкай? «НН» сабрала цікавыя факты з біяграфіі бізнэсмена і палітыка.

Выпускнік Вайсковай акадэміі

Падчас вучобы ў Вайсковай акадэміі Нью-Ёрка.

Усе бабулі і дзядулі Дональда Трампа нарадзіліся ў Еўропе. У Шатландыі нарадзілася і маці будучага прэзідэнта Мэры Маклаўд (адразу ўзгадваецца славуты серыял «Горац» пра Дункана Маклаўда з клана Маклаўдаў). Бацька Фрэд Трамп нарадзіўся ў ЗША, але ў сям’і выхадцаў з Германіі. Яны пражылі доўгае жыццё: бацька — 94 гады, маці — 88. І памерлі на сутыку ХХ і ХХІ стагоддзяў. Бацька меў бізнэс па продажы нерухомасці, а маці была хатняй гаспадыняй.

На свет Трамп з’явіўся ў Куінсе — гэта частка Нью-Ёрка. Адна з самых шматнацыянальных, але не такая праблемная, як Гарлем ці Бронкс. У 13 гадоў Трамп быў вымушаны пакінуць школу праз кепскія паводзіны. Яму не пакінулі выбару: хлопчык ідзе вучыцца ў Нью-Ёркскую вайсковую акадэмію.

«Дональд быў дастаткова грубым хлопчыкам у маленстве», — казаў ягоны бацька.

У акадэміі Трамп даслужыўся да звання капітана. Родныя сцвярджаюць, што менавіта там хлопец узяўся за розум, перастаў быць свавольнікам.

«Вайсковая акадэмія дала мне болей, чым некаторым служба ў войску», — сцвярджаў ён.

Адзін з найбагацейшых людзей Амерыкі

Разам з бацькам, 1970-я.

У 1966 Дональд пачынае вучобу ў Уортэнскай бізнэс-школе пры Пенсільванскім універсітэце. Пасля сканчэння ўстановы бацька забірае сына ў сямейны бізнэс. Ужо першы праект Трампа па будаўніцтве жылога комплексу ў Агаё прынес прыбытак каля 6 мільёнаў даляраў.

Дональд хутка пачынае цяміць, што, каб мець яшчэ большыя прыбыткі, трэба атрымліваць замовы не толькі ад дзяржавы, але найперш ад багатых амерыканцаў — бізнэсоўцаў, банкіраў, зорак. Дзеля гэтага малады прадпрымальнік пераязджае на Манхэтан, дзе абрастае новымі сувязямі і знаёмствамі.

Першым сапраўдным поспехам Трампа было перарабіць збанкрутавалы гатэль «Камадор» у «Гранд-Хаят». Падчас гэтай рэканструкцыі Дональд дабіўся ад Нью-Ёрка льготных падаткаў на 40 гадоў. Гэта быў першы хмарачос Трампа, які змяніў выгляд горада.

У 1983 годзе насупраць крамы «Тыфані» (той самай, пра якую пісаў Трумэн Капотэ ў сваім класічным творы «Сняданак у Тыфані) паўстаў хмарачос Trump Tower. Бізнэсовец казаў, што менавіта ля гэтага месца круцяцца самыя багатыя людзі Нью-Ёрка.

Потым Трамп зарабляў на гульнявым бізнэсе. Аднак у пачатку 90-х бізнэсмэн аказаўся на мяжы банкруцтва. Пазыкі складалі каля 10 мільярдаў даляраў, але дзякуючы ўпартаму характару ўдалося пазбегнуць найгоршага варыянту.

На сёння маёмасць Дональда Трампа ацэньваецца на 4,1 мільярды даляраў.

Жонка-супермадэль, маладзейшая на 24 гады

Разам з жонкай Мелані.

Першай жонкай бізнэсмэна была чэхаславацкая супермадэль і лыжніца Івана Зельнічкава. У шлюбе яны пражылі 15 гадоў, у пары нарадзілася трое дзяцей — Дональд, Эрык і Іванка. У 1992 Івана падае на развод, даведаўшыся, што муж метадычна і пастаянна здраджвае ёй.

Яна змагла адсудзіць у Трампа 25 мільёнаў даляраў, раскошную вілу, а таксама 650 тысяч даляраў штомесяц на ўтрыманне траіх дзяцей. Да Іваны такога шчодрага выніку разводу не было ні ў адной жанчыны ў свеце.

Пасля гэтага Івана яшчэ некалькі разоў выходзіла замуж. Прычым адзін з яе мужчын быў на 24 гады маладзейшым.

Сам Трамп не надта адставаў ад сваёй былой жонкі. У 1990-х у яго быў непрацяглы шлюб з актрысай Марлай Мэйплз, вынікам якога сталася дачка Тыфані.

У 2004 Дональд Трамп ажаніўся са славенскай фотамадэллю Мелані Кнаўс, якая маладзейшая за мільянера на 24 гады. У пары ёсць 10-гадовы сын Бэран Уільям.

У жыцці мільянера было таксама нямала іншых жанчын, абсалютная большасць з якіх была мадэлямі.

З усіх дзяцей Трампа найбольш на віду дачка Іванка — бізнэсвумэн і пісьменніца. Яна актыўная ў сацыяльных сетках, а таксама ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі ў падтрымку бацькі.

Заўсёды трапляе ў скандалы

Дональд Трамп мае рэдкую здольнасць прыцягваць да сябе ўсялякія скандалы. Здаецца, на гэтага чалавека нават не патрэбна было збіраць кампрамат, бо ўвесь ён і так навідавоку.

Найбольшы рэзананс атрымала ягоная заява аб будаўніцтве сцяны на мяжы ЗША з Мексікай. Такім чынам, Трамп грае на ксенафобіі пэўнай частцы грамадзян, якая вінаваціць ва ўсіх сваіх праблемах мігрантаў. Тое самае тычыцца і мусульман, забарону на ўезд у краіну якіх прапаноўваў кандыдат.

У сваіх выразах у дачыненні жанчын Трамп таксама не стрымліваўся. Кагосьці ён называў «пустышкай», кагосьці — «уродзінай», іншую — «свіннёй», чацвёртую — «сучкай».

«Калі ты зорка, ты можаш рабіць з імі ўсё», — казаў Трамп пра адносіны з жанчынамі.

У кастрычніку ён абяцаў пасадзіць у турму кандыдатку ў прэзідэнты Хілары Клінтан. Але пасля перамогі высока ацаніў яе заслугі перад Амерыкай.

Стаўленне да Беларусі і Расіі

Пуцін і Трамп. Славутае графіці ў Вільні.

У Расіі перамогу Трампа ўспрынялі з вялікім энтузіязмам. На думку шмат каго з аналітыкаў, перамога кандыдата ад Рэспубліканскай партыі можа прывесці да паляпшэння адносін паміж ЗША і Расіяй.

Што казаў Трамп пра Расію? «Я думаю, што буду выдатна ладзіць з Уладзімірам Пуціным, мне так здаецца», — казаў ён.

«Калі б мы змаглі паладзіць з Расіяй, то гэта было б проста выдатна», — гэта таксама цытата з Трампа.

Што тычыцца Беларусі, то тэму нашай краіны новы прэзідэнт ЗША не ўздымаў ніколі. Адзінае, што яго звязвае з Беларуссю — гэта муж Іванкі Джарэд Кушнер. Зяць Трампа паходзіць каранямі з беларускага Навагрудка. Сам Кушнер бываў у Беларусі.

Замест бонуса

Гляньце, у якім фільме зняўся Дональд Трамп у свой час.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру