У Гродзенскім абласным судзе абвешчаны прысуд па справе рабаўнікоў, якія ў лютым 2016 года з нажом напалі на прадавачку ў Карэліцкім раёне. Зламыснікі вынеслі з сельскай крамы ўсю выручку. Пацярпелая праз месяц памерла ў рэанімацыі, паведаміў прадстаўнік суда Павел Варэйка.

Трое п'яных хлопцаў — 18, 23 і 33 гадоў — прыйшлі ў краму ў вёсцы Паланая Карэліцкага раёна. Адзін з іх ударыў нажом прадавачку, схапіў касавы апарат і ўцёк. Выручка ў той дзень склала 1,5 млн недэнамінаваных рублёў.

Злачынцаў знайшлі праз паўтары гадзіны. Дапамаглі мясцовыя жыхары. Характэрна, што саўдзельнікі пакінулі вёску паасобку, спрабавалі схаваць сляды.

Галоўнага фігуранта справы — малодшага з нападнікаў — прыгаварылі да 24 гадоў калоніі, менавіта яго прызналі вінаватым у забойстве прадаўца. Другому фігуранту прысудзілі 22 гады пазбаўлення волі — ён, паводле версіі следства, падгаварыў першага забіць жанчыну. Трэці фігурант прызнаны вінаватым у тым, што не паведаміў у міліцыю пра злачынства і зламыснікаў, яму прызначылі тры месяцы арышту.

Прысуд у законную сілу не ўвайшоў і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?