Саборная мячэць урачыста адкрытая ў Мінску. Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган каля параднага ўвахода ў мячэць перарэзалі сімвалічную стужку, паведамляе БелТА.

У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця мячэці таксама ўзялі ўдзел кіраўнікі органаў дзяржкіравання, кіраўнікі і прадстаўнікі рэлігійных і нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў, пасольстваў, замежныя госці і вернікі.

Лукашэнка і Рэджэп Эрдаган прыехалі ў мячэць у гадзіну дня, піша tut.by. Спачатку з прамовай выступіў галоўны муфтый Абу-Бекір Шабановіч. Ён нагадаў, што роўна 19 гадоў таму, падчас святкавання 600-годдзя рассялення татар на беларускіх землях, на гэтым месцы быў закладзены камень як сімвал аднаўлення Саборнай мячэці. Муфтый назваў адкрыццё храма гістарычнай падзеяй. Беларускі кіраўнік у сваёй прамове падтрымаў яго.

— Гэта, безумоўна, знакавая падзея як для мусульманскай супольнасці, так і для ўсіх грамадзян Беларусі. Мусульмане з'явіліся на нашай зямлі яшчэ ў 14-м стагоддзі. І хутка і без праблем сталі часткай нашага народа. Наша краіна спрадвеку славіцца традыцыямі верацярпімасці, узаемнай павагі паміж людзьмі розных і канфесій і нацыянальнасцяў. У гэтым наш гонар, у гэтым наша сіла, у гэтым залог нашай жыццястойкасці.

Беларусь — краіна з міралюбным характарам. Мы цэнім мір і спакой. Таму мы будуем храмы для ўсіх жадаючых канфесій. Мы прытрымліваемся аднаго лозунга: любы грамадзянін нашай краіны мае права знайсці сваю дарогу да свайго храма. І ніхто не мае права яго прымушаць паступаць інакш, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

— Сёння мы з вамі з'яўляемся сведкамі сапраўды гістарычнай падзеі. Перш за ўсё хачу выказаць сваю радасць з нагоды таго, што адкрыццё гэтак значнага аб'екта я ажыццяўляю са сваім добрым сябрам і калегам Аляксандрам Лукашэнкам, — сказаў турэцкі лідэр.

Эрдаган падзякаваў усім, хто спрычыніўся да будаўніцтва, якое было завершана пры фінансавай дапамозе турэцкага фонду па падтрымцы рэлігій.

— Гэтая мячэць стане сімвалам сяброўства беларускага і турэцкага народаў. Беларусь — гэта тая краіна, дзе людзі самых розных этнічных і рэлігійных каранёў пражываюць пад адным дахам у міры і згодзе. Мы з вамі ўсе сведкі таго, што тут такая палітра разнастайнасці ўспрымаецца не як крыніца патэнцыйнай пагрозы, а як прыгажосць і здабытак.

Прэзідэнт Турцыі адзначыў, што такая асаблівасць Беларусі вельмі важная «ў наш няпросты час».

— На жаль, такой карціны свету ў многіх краінах ўбачыць не атрымаецца. У шэрагу еўрапейскіх краін няма той памяркоўнасці і прыязнасці, ад якой мы атрымліваем асалоду тут. Часам людзі становяцца ахвярамі палітыкі, прадыктаванай жаданнем падзяляць па прынцыпах: хто ты, адкуль, у што верыш.

Пасля афіцыйных прамоў кіраўнікі дзвюх краін пайшлі ў мячэць для працягу цырымоніі адкрыцця. Яны пакінулі запісы ў кнізе ганаровых гасцей. Рэджэп Эрдаган застаўся ў храме на намаз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?