«Такое ўражанне, што еўрапейскія партнёры робяць усё, каб дыскрэдытаваць ідэалы беларускіх дэмакратычных сіл», — заявіў кіраўнік аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч на кансультацыях прадстаўнікоў беларускіх апазіцыйных арганізацый і дэпутатаў літоўскага сейма 11 лістапада ў Вільні.

«Зняцце санкцый, сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам… Гэта тое, супраць чаго выступаем мы, але робяць нашы еўрапейскія партнёры. Нават калі ў вас вялікія эканамічныя інтарэсы ў супрацоўніцтве з беларускімі ўладамі, не перашкаджайце нам абараняць краіну. Пасля нас могуць прыйсці за вамі», — сказаў ён.

Паводле слоў Статкевіча, у Беларусі «створаны марыянеткавы рэжым, па сутнасці, філіял Расіі, а беларуская эканоміка — стратны філіял расійскай эканомікі». «Калі Расія стала бяднейшай, схема паразітавання на інтэграцыі, якую выкарыстоўвае Лукашэнка, страціла сэнс. Цяпер Расія патрабуе за сваю дапамогу ўсё большага кантролю над суверэнітэтам», — лічыць ён.

Палітык адзначыў, што беларускія ўлады на эканамічны крызіс «рэагуюць не рэформамі, а ўсяго толькі размовамі пра іх, прадаюць гэтыя размовы пра рэформы Захаду, нічога не збіраючыся змяняць ўнутры краіны». «Лукашэнка прызначыў у парламент двух прадстаўнікоў незалежных арганізацый. Гэта яго слабасць, на якую ён пайшоў дзеля зняцця санкцый», — сказаў ён.

Пры гэтым Статкевіч лічыць, што беларускі рэжым нічога не зрабіў, каб супрацьстаяць расійскай пагрозе. А таму, падкрэсліў ён, абараніць краіну можа толькі грамадзянская супольнасць.

З беларускага боку ў кансультацыях таксама ўдзельнічалі сустаршыня кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч, старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?