Міхаіл Саакашвілі, які некалькі дзён таму падаў у адстаўку з пасады губернатара Адэскай вобласці Украіны, заявіў аб стварэнні новай палітычнай сілы ў краіне, піша ВВС.
Getty
Паводле яго слоў, асноўная мэта новага руху цяпер — гэта правядзенне датэрміновых парламенцкіх выбараў ва Украіне. А затым прыхільнікі Саакашвілі плануюць заняцца правядзеннем рэформаў ва Украіне.
«Мы будзем ствараць новую шырокую палітычную сілу, такую платформу новых сіл, і мэтай нашай з'яўляецца змена цяперашняй так званай палітычнай эліты, а на самай справе барыг і адкідаў грамадства, якія кантралююць Раду, кабінет міністраў і ўсё ў гэтай уладзе Украіны», — сказаў Саакашвілі.
Падчас прэс-канферэнцыі на экране з'явілася назва «Платформа новых сіл» з адрасам электроннай пошты.
«У нас будуць людзі, якія — яшчэ раз паўтару — больш за адзін поўны тэрмін не былі ў Радзе, не заўважаныя ў дрэнных рэчах і не знаходзіліся доўга на высокай пасадзе ў выканаўчай уладзе. Нічога асабістага. Нават калі добрыя людзі траплялі на іншы бок, яны у нас не будуць», — заявіў Саакашвілі.
Палітык таксама абяцаў, што новая палітычная сіла, якую ён плануе стварыць, не будзе ўступаць у блокі з іншымі партыямі.
Ён таксама заявіў, што не будзе супрацоўнічаць з прэзідэнтам краіны Пятром Парашэнкам, у якога ўжо «быў шанец выкарыстаць» Саакашвілі ў «правільных мэтах».
Саакашвілі падаў у адстаўку з пасады кіраўніка Адэскай вобласці 7 лістапада. Асноўнай прычынай адстаўкі ён назваў незадаволенасць палітыкай Кіева. Ён абвінаваціў Парашэнку ў «асабістай падтрымцы карупцыйных кланаў» Адэскай вобласці. 10 лістапада Парашэнка падпісаў указ аб звальненні Саакашвілі.
Былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі узначальваў Адэскую вобласць з мая 2015 года. Для атрымання гэтай пасады яму давялося прыняць украінскае грамадзянства.