У апошні дзень кінафестывалю «Лістапад» у кінатэатры «Піянер» паказалі фільм «Брамнік». Выкладчыкі прывялі на паказ пяцікласнікаў і не звярнулі ўвагу на абмежаванне 14+.

Кадр з фільма. listapad.com

Паводле сюжэту, падлеткі Максім і Мелані закаханыя адно ў аднаго. Іх адносіны мілыя, кранальныя і цалкам паходзяць на сталыя да таго часу, пакуль Мелані не даведваецца, што цяжарная. Спачатку Максім прымае навіну ў штыкі, але затым думка пра бацькоўства змякчае яго сэрца. Ён пераконвае сяброўку захаваць дзіця.

Як распавяла мінчанка Маргарыта Мотарава, на гэты паказ сталічныя настаўнікі прывялі пяцікласнікаў. Але праз 15 хвілін паказ быў спынены. «Праведны бунт раз'юшаных кіраўнікоў некалькіх класаў зрабіў немагчымым прагляд фільма, на які мэтанакіравана прыйшлі ўсяго чалавек сем», — абуралася дзяўчына на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Па словах Маргарыты, замест фестывальнага паказу супрацоўнікі «Піянера» ўключылі мультфільм «Тролі».

У кінатэатры «Піянер» пацвердзілі гэтую інфармацыю. «Гэта быў такі скандал! Ціхі жах… Настаўнікі сталі абурацца, сказалі, што будуць пісаць скаргу на дырэкцыю «Лістапада», — сказала дзяжурная адміністратарка, якая не захацела прадставіцца. На пытанне, ці можна было працягнуць паказ і вывесці настаўнікаў і школьнікаў з залы, жанчына адказала, што «з імі немагчыма было размаўляць, хоць мы тлумачылі, што дзеці прасунутыя, што там няма нічога «такога». «Паверце, мы зрабілі ўсё, што ад нас залежала», — дадала яна. Па словах, жанчыны, гэта першы выпадак за яе 30-гадовую практыку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?