Marginalis — насычаны і захапляльны філасофскі раман, дзеянні якога ахопліваюць больш за чатырыста гадоў, паўтары сотні персанажаў і дзясятак краінаў. Гэта пазл з мноства сюжэтных ліній і філасофскіх ды псіхалагічных матываў, якія складаюцца ў адно цэлае.

Дзеянні рамана разгортваюцца вакол уладальнікаў старажытнай загадкавай кнігі. У пошуках свайго «я» героі рамана прыходзяць да разумення, што часам не меншае значэнне мае тое, што знаходзіцца на палях, не ў цэнтры. За межамі гісторыі, жыцця, увагі.

Раман «Marginalis» быў прызнаны самым насычаным творам беларускай літаратуры. У рамане аб'ёмам 251 944 знака сустракаецца не менш за 136 персанажаў. Рэкорд быў зафіксаваны беларускім аналагам Кнігі рэкордаў Гінэса — праектам «Рэкорды Куфара».

Сачыць за навінамі пра раман можна па хэштэгу #Marginalis

Звесткі пра аўтара:

Кірыл Стаселька нарадзіўся ў Барысаве. У 2013 скончыў факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ па спецыяльнасці «Сацыялогія», у 2014 — магiстратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў пры НАН РБ. З'яўляецца выпускніком Беларускага калегіума, Лятучага ўніверсітэта, Школы маладога пісьменніка пры ГА «Саюз беларускiх пiсьменнiкаў» і Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання (Беларусь, Швецыя).

На дадзены момант навучаецца ў аспірантуры Акадэміі навук, з’яўляецца дырэктарам «Агенцтва інфармацыйных тэхналогій «Буцэфал», кіраўніком інтэрнэт-часопіса infographer.by і каардынатарам праекта «Народны журналіст».

Публікаваўся ў такіх часопісах, як «Дзеяслоў», «Маладосць», «Паміж», «pARTtisan», а таксама ў зборніку «Параходзік сучаснасці».

Папярэдняя кніга Кірыла Стаселькі «Дзіцячы маніфест» выйшла летась ды была намінаваная на шэраг літаратурных прэмій, у прыватнасці, трапіла ў шорт-ліст прэміі «Дэбют» і лонг-ліст «Гедройца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0