Вынік другога тура выбараў у Малдове будзе залежаць ад яўкі выбарцаў. Моладзь масава праігнаравала першы тур, яўка на ім была гранічна нізкай нават для Малдовы — 49%. У выніку лідар прарасійскай партыі сацыялістаў Ігар Дадон набраў 48,2% галасоў, а кандыдат ад праеўрапейскай партыі «Дзеянне і салідарнасць» Мая Санду — 38,5%.

41-гадовага Дадона падтрымлівае Масква. Ён прапануе разарваць дамовы аб свабодным гандлі з Еўрасаюзам і ўвайсці ў Еўразійскі эканамічны саюз.

Дадон (справа) на прыёме ў Пуціна. Фота з Вікіпедыі.

Дадон (справа) на прыёме ў Пуціна. Фота з Вікіпедыі.

Былая супрацоўніца Сусветнага банка, а пасля міністарка адукацыі 44-гадовая Санду спрабавала з'яднаць вакол сваёй кандыдатуры падзеленыя правыя сілы Малдовы.

Вакол Маі Санду аб'ядналіся праеўрапейскія сілы Малдовы. Фота moldova24.info.

Вакол Маі Санду аб'ядналіся праеўрапейскія сілы Малдовы. Фота moldova24.info.

Расчараванне выбарцаў у праеўрапейскіх сілах звязанае з тым, што першы праеўрапейскі прэм'ер Малдовы Улад Філат аказаўся звязаны з аферай па крадзяжу мільярда даляраў з Эканамбанка краіны. Для Малдовы, эканоміка якой у 8 разоў меншая за беларускую, гэта было злачынства стагоддзя.

Ліберальна-дэмакратычная партыя Філата развалілася, а на яе руінах узніклі платформа «Годнасць і праўда» на чале з Андрэем Нэстасэ і партыя «Дзеянне і салідарнасць» на чале з Маяй Санду. Апошняя і стала самым папулярным лідарам правіцы.

Дадон прызнае Крым расійскім, Санду лічыць Крым украінскім.

У адрозненне ад Дадона, Санду правяла вельмі сціплую прэзідэнцкую кампанію, на якую вытраціла ўсяго каля 23 тысяч еўра. Яна не замаўляла білбордавай і тэлевізійнай рэкламы. Дадону ж прэзідэнцкая гонка абышлася прыкладна ў 295 тысяч еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?