Беларусь выдаткуе на арганізацыю і правядзенне II Еўрапейскіх гульняў каля $50 млн. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час сустрэчы з працоўным калектывам ААТ «Магілёўхімвалакно», піша БелТА.

«Мы палічылі, што нават у плюсе будзем. Нам трэба будзе выдаткаваць недзе пад $50 млн за гэтыя гады. Гэта слёзы для краіны. А можа, і таго не трэба: еўрапейцы сказалі, што дапамогуць», — адзначыў Лукашэнка.

Ён растлумачыў, што перад тым як прапанаваць кандыдатуру Беларусі на правядзенне гэтых спаборніцтваў, у краіне падлічылі, у колькі яны абыдуцца. «Вось калі б сказалі Алімпійскія гульні праводзіць, то тут велізарныя патрэбныя выдаткі», — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь гатова правесці II Еўрапейскія гульні на сусветным узроўні. «У нас дастаткова гасцініц. Калі трэба будзе, задзейнічаем санаторыі вакол Мінска, студэнцкія гарадкі», — адзначыў Лукашэнка. Ён дадаў, што ў краіне таксама ёсць вялікая колькасць спартыўных аб'ектаў, вядзецца будаўніцтва стадыёна «Дынама», плануецца ўзвядзенне нацыянальнага футбольнага стадыёна.

«Так, нам хацелася, каб плавальны басейн быў лепей, чым у Мінску, але ён ёсць у Брэсце, — канстатаваў беларускі лідар.— Што тычыцца рэгіёнаў, калі вы будзеце гатовыя па нейкім відзе спорту правесці мерапрыемствы, прыняць каманды і арганізаваць турнір, калі ласка. Ці можам разглядзець гэты варыянт. Калі мы не паспеем пабудаваць добры плавальны басейн, як у Казані, будзем, напэўна, праводзіць у Брэсце».

На пастаноўку цырымоніі адкрыцця I Еўрапейскіх гульняў, заўважыў кіраўнік дзяржавы, у Баку выдаткавалі $100 млн. «У нас гэтага не будзе. Мы зробім душэўнае адкрыццё, каб паказаць душу нашага народа. Прыгожа зробім. Гэта будзе нават менш за $1 млн каштаваць, але не $100 млн», — сказаў Лукашэнка.

Але галоўнае, падкрэсліў ён, што правядзенне такіх маштабных спаборніцтваў павысіць імідж і пазнавальнасць краіны. «Да нас прыедуць людзі. Яны ўбачаць нашу краіну, як і з чэмпіянатам свету па хакеі. Што мы там страцілі? Нічога. Мы нават у плюсе засталіся, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Калі мы вырашылі быць незалежнымі і суверэннымі, трэба разумець, што гэта нятанна абыходзіцца. І калі атрымліваецца з прыбыткам, то на гэта заўсёды трэба ісці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?