Прадавацца ў Беларусі будзе праз праваслаўную інтэрнэт-краму.

На выхадных у Гродне прайшла прэзентацыя кнігі «Нясвядомая» гісторыя Белай Русі». Яе прадстаўлялі вядомы гісторык-заходнерусіст Леў Крыштаповіч і былы загадчык кафедры ідэалогіі і палітычных навук Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, аўтар сайта regnum.ru Мікалай Малішэўскі. Прэзентацыю зладзіла нейкая грамадская ініцыятыва «Саюз», якая нібыта з’явілася летам 2016 года.

Кніга «Несвядомая» гісторыя Белай Русі» зусім нядаўна выйшла ў расійскім выдавецтве «Кніжны свет» накладам 1 тысяча асобнікаў. Сярод апошніх навінак выдавецтва: «Мяккая сіла» супраць атамнай бомбы», «Сусветная барацьба. Англасаксы супраць планеты», «Данбас. Хронікі, запісаныя крывёй», «Аляксандр Літвіненка і палоній-210. Чыста англійскае забойства», «Род Поўначы. Рускія гіпербарэйцы», «Бандыты эпохі Ельцына», «Робаты-забойцы супраць чалавецтва», «Сірыйскі армагедон» і г.д.

Аўтарам кнігі выступіў Усяслаў Зінькевіч. Хто гэта такі? Дакладнага адказу няма. Раней гэтае прозвішча толькі некалькі разоў сустракалася на фэйкавых сайтах, што стварыў расійскі шавініст беларускага паходжання Кірыл Авяр’янаў-Мінскі. Таму цалкам рэальна, што пад псеўданімам можа хавацца сам Авяр’янаў.

Аўтар «Спутніка і пагрома» быў пазбаўлены беларускага грамадзянства, а КДБ забараніў уезд на тэрыторыю нашай краіны. Авяр’янаў-Мінскі лічыць, што ў Беларусі праходзіць ледзьве не гвалтоўная беларусізацыя, а таксама знаходзіцца ў жорсткай апазіцыі да дзейнай улады.

«Асаблівая ўвага ў кнізе ўдзеленая дзеячам, якія ўслаўляюцца нацыяналістамі і афіцыёзам Беларусі ў якасці «беларускіх герояў», — гаворыцца ў анатацыі да кнігі. На вокладцы кнігі змешчаны партрэт віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва-вешальніка. Відаць, будзе прыводзіцца ў якасці прыкладу для беларусаў, у адрозненне ад Кастуся Каліноўскага.

У Беларусі «Несвядомая гісторыя» будзе распаўсюджвацца праз праваслаўную інтэрнэт-краму «Святло Фавора». У краме нам паведамілі, што пакуль кніга не трапіла да іх у распаўсюд, але гэта адбудзецца цягам тыдня-двух. Цана ўзгадняецца.

Расійскае агенцтва Regnum, анансуючы кнігу, не ўпусціла магчымасці пакпіць з Аляксандра Лукашэнкі. «У 2016 годзе ўлады Беларусі працягнулі палітыку «беларусізацыі», неад'емнымі часткамі якой з'яўляецца рэвізія гістарыяграфіі і распаўсюджванне палітычных міфаў. Аляксандр Лукашэнка абяцаў падарыць прэзідэнту Расіі падручнікі па гісторыі Беларусі, аднак не вядома, ці выканаў сваё абяцанне або паступіў так жа, як з абяцаннем прызнаць незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі», — піша агенцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?