Пасля таго, як у ЗША былі абвешчаныя вынікі выбараў, то можна было пачуць фразу кшталту: «Рэднэкі прагаласавалі за Трампа». Хто ж такія гэтыя загадкавыя рэднэкі, пра якіх так мала чулі ў Беларусі?

У стэрэатыпным уяўленні рэднэкі выглядаюць прыкладна так.

У стэрэатыпным уяўленні рэднэкі выглядаюць прыкладна так.

Калі казаць літаральна, то слова «рэднэк» азначае «з чырвонай шыяй». Гэта значыць, людзі, якія цяжка працавалі ў полі, вялі сваю фермерскую гаспадарку. Ад пастаяннай працы на сонцы ў такіх людзей клаўся па целе нераўнамерны загар, ад гэтага яны і атрымалі мянушку.

«Рэднэкі» — гэта часта абразлівая форма звароту да пэўнай катэгорыі грамадзян. Калі казаць вельмі груба і перакладаць на нашы рэаліі, то гэта нешта накшталт «калхознікаў». Маўляў, малаадукаванае, агрэсіўнае насельніцтва.

Найперш «рэднэкамі» называлі белых мужчын, што жывуць у паўднёвых і цэнтральных штатах ЗША.

У масавай культуры склаўся ўжо цэлы пласт клішэ, звязаных з рэднэкамі — гэта грубыя, самазадаволеныя людзі, якія лічаць сябе галоўнымі патрыётамі краіны, неталерантныя да ўсіх мігрантаў, гомасэксуалаў, чарнаскурых, інтэлігентаў. Стэрэатыпны рэднэк ездзіць на вялікім аўтамабілі, мае з сабой заўсёды стрэльбу і слухае музыку кантры.

Аднак некаторыя жыхары паўднёвых штатаў з гонарам прынялі гэтую назву. У Джорджыі нават праводзяцца «Алімпіяды рэднэкаў» — гэта такая спроба самаіроніі з назвы.

Падчас выбарчых кампаній 2000 і 2004 года апаненты Джорджа Буша таксама абвінавачвалі ў тым, што за яго галасуюць у асноўным рэднэкі. Тое самае сёлета можна было пачуць і ў дачыненні да Трампа.

Некалькі анекдотаў пра рэднэкаў:

  • У рэднэка ёсць дом на колах і тры аўтамабілі без іх.
  • Нумар тэлефона мясцовага таксідэрміста на хуткім наборы ў рэднэка.
  • Рэднэк карыстаецца яршом для ўнітаза як часалкай для спіны.
  • Замест нармальнага бухла рэднэк п’е самагонку і разбаўлены бензін.
  • На вясельным здымку ў зубах рэднэка зубачыстка.
  • Сума калібраў зброі рэднэка вышэйшая за яго IQ.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?