Супрацьстаянне з праваахоўнікамі пачалося 17 верасня. У той дзень дацэнт зрабіў заўвагу супрацоўнікам ДАІ. Ён заўважыў, што адзін з патрульных здымаў парушэнні на свой ўласны мабільны тэлефон.

Выкладчык БДУ зрабіў заўвагу супрацоўнікам ДАІ і трапіў на Акрэсціна

Дзмітрый Гоман пасля вызвалення з Акрэсціна з жонкай і дзецьмі. Верасень 2016 г.

Дзмітрый Гоман пасля вызвалення з Акрэсціна з жонкай і дзецьмі. Верасень 2016 г.

Канфлікт прывёў да таго, што Дзмітрый Гоман двое сутак правёў у ізалятары на Акрэсціна, а потым тройчы з'яўляўся на судовыя паседжанні. У першы раз яго не адбылося — суддзя накіраваў міліцэйскі пратакол на дапрацоўку адразу, без разгляду справы. Другі раз паседжанне па справе Гомана цягнулася крыху больш за гадзіну, на яго нават з'явіліся супрацоўнікі ДАІ. Аднак суддзя зноў накіравала пратакол на дапрацоўку. Трэці суд прайшоў 16 лістапада — амаль праз два месяцы пасля канфлікту.

«Я лічу, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі незаконныя. Лічу, што пратакол на мяне ініцыяваны жаданнем адпомсціць і схаваць уласныя правапарушэнні», — заяўляе Дзмітрый Гоман суддзі.

На паседжанні бакі стаялі на сваім - Дзмітрый Гоман настойваў на ўласнай невінаватасці і абвясціў аб намеры дабівацца праўды з дапамогай пракуратуры і Следчага камітэта.

«У дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі ёсць вялікая колькасць разнастайных парушэнняў. У апошні час я нават схіляюся да таго, што ў іх дзеяннях прысутнічаюць прыкметы крымінальнага злачынства», — кажа Гоман суддзі. І дадае: «Адміністрацыйны працэс супраць мяне вядзецца супрацоўнікамі міліцыі ў якасці помсты».

Выкладчык БДУ перакананы, што у дзеяннях інспектараў Рапацкага і Пацёмкіна, якія затрымалі яго 17 верасня, ёсць прыкметы самаўпраўства і нават перавышэння службовых паўнамоцтваў. А значыць, існуе верагоднасць цікавасці да іх з боку Следчага камітэта.

Як і на першым паседжанні, на разглядзе справы 16 лістапада паміж Дзмітрыем Гоманам і міліцыянтамі было шмат незвычайных дыялогаў:

— Навошта вы адабралі ў мяне тэлефон?

— Для нашай асабістай бяспекі.

— У чым была пагроза вашай бяспецы?

— Вы размахвалі рукамі.

— І вы мелі права забіраць у мяне тэлефон?

— Так.

— Назавіце артыкул, які вам гэта дазваляе.

— Не памятаю.

Гоман зладзіў міліцыянтам, якія праходзяць па справе ў якасці сведак, сапраўдны допыт.

Пытаўся, чаму яны забаранялі яму здымаць свае дзеянні на відэа, за што затрымалі і адправілі на Акрэсціна, чаму не склалі пратакол, калі забіралі мабільнік у сваёй машыне. Большасць пытанняў засталася без зразумелага адказу.

Завяршылася паседжанне 16 лістапада паўторным праглядам відэа, запісанага Дзмітрыем Гоманам. Суддзя Фёдарава паведаміла, што абвесціць рашэнне па справе дацэнта на наступны дзень — раніцай 17 лістапада.

А сёння стала вядома, што справу спынілі ў сувязі з недаказаннасцю віны выкладчыка БДУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?