«Мы не фіксуем на дадзены момант істотных патокаў вывазу зброі з Украіны. Адзінкавыя выпадкі здараюцца, але казаць пра тое, што існуюць нейкія стабільныя трафікі або цэлыя каналы, падставаў няма. Словы прэзідэнта суседняй дзяржавы я не магу каментаваць, але сітуацыя не мае такога маштабнага характару, як гаворыцца ў заяве», — падкрэсліў Слабадзян.

Ён пацвердзіў свае словы афіцыйнымі дадзенымі Дзяржаўнай памежнай службы, паводле якіх за 9 месяцаў на беларускай мяжы памежнікі затрымалі 49 адзінак зброі. Сярод яе 28 адзінак — з Беларусі на ўезд ва Украіну і 21 — на выезд з Украіны.

Гэта значыць, растлумачыў Слабадзян, з Беларусі ўвозілася больш зброі, чым вывозілася з Украіны. Таксама было канфіскавана 242 боепрыпасы і 0,5 кг выбухоўкі, якую ўвозілі ва Украіну з Беларусі.

Слабадзян падкрэсліў, што, па ўсіх паказчыках, зброі вывозілі з Украіны менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Паводле інфармацыі беларускага боку, якую яна прадастаўляе ўкраінскай ў рамках абмену, больш зброі яны затрымалі на мяжы з Літвой — гэта больш за 5 тысяч адзінак зброі, падсумаваў Слабадзян.

Сёння Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас размовы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі і блогерамі з Расіі, што з Украіны ў Беларусь ідзе вялікі паток зброі. «Мы грудзьмі закрываем 1200 кіламетраў мяжы з Украінай, таму што патокам ідзе зброя, выбухоўка. Мы іх ужо затрымліваем не толькі на мяжы, але і на чыгуначным вакзале. Нам вельмі няпроста», — заявіў Лукашэнка і дадаў, што патрэбныя вялікія намаганні і затраты, каб падтрымліваць бяспеку на ўкраінскай мяжы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0