Спачатку, у 1991 г., там было толькі 5 супрацоўнікаў, а навіны рассылаліся падпісантам уручную факсам некалькі разоў на дзень. Першую дамову на пастаўку інфармацыі заключылі з газетай «Звязда». 

На момант, калі ствараўся БелаПАН, аўтару праекта Алесю Ліпаю было столькі ж, колькі сёння кампаніі — 25 гадоў.

Заснавальнік БелаПАН Алесь Ліпай

Заснавальнік БелаПАН Алесь Ліпай

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» пацікавілася ў Алеся, як змяніліся за гэты час аўтар, яго «дзіця», і хто ёсць гонарам рэдакцыі.

— Інфармацыйная кампанія, на шчасце, адбылася. Стала сур’ёзнай з’явай медыйнага, журналісцкага жыцця ў Беларусі. Гэтыя 25 гадоў былі недарэмнымі. А я стаў мацнейшым на БелаПАН за гэты час. Нашы найлепшыя праекты гэта — інтэрнэт-газета Naviny.by, рэдакцыя медыя-навін. Мы першымі ў Беларусі пачалі ладзіць анлайн канферэнцыі з вядомымі асобамі, першымі пачалі рабіць інфаграфіку.

Нашы журналісты сталелі разам з БелаПАНам, адбыліся разам з ім. І БелаПАН адбыўся з гэтымі людзьмі.

Гэта — наш галоўны рэдактар інфармацыйнай агенцыі БелаПАН Ірына Леўшына, шэф-рэдактар інтэрнэт-газеты Naviny.by Аляксандр Зайцаў, журналісты Аляксей Арэшка, Алена Спасюк, Вячаслаў Будкевіч, Таццяна Каравянкова, Адар’я Гуштын, Алесь Ярашэвіч. Аляксандр Класкоўскі адбыўся дзякуючы таму, што ён Класкоўскі. Ён прыйшоў у БелПАН як выбітны журналіст і рэдактар, шмат гадоў працуе ў нас і з’яўляецца нашым гонарам. Таксама гэта і Юрый Уладзіміравіч Вельтнер.

І ў інтэрнэт-газеце Naviny.by традыцыйна добра чытаюцца матэрыялы палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, эканамічнага аглядальніка Дзмітрыя Зайца. У нас сталая і сур’ёзная аўдыторыя, таму чытачы любяць аналітычныя артыкулы.

Алесь Ліпай кажа, што БелаПАНу ніколі не было лёгка: «Лёгка нам ніколі не было працаваць. Можа быць, толькі на пачатку нашай дзейнасці да 1994 года. Няпростыя ўмовы існавання незалежных медыяў ў Беларусі не дазваляюць гаварыць пра лёгкую працу. Разам з тым у краіне адбываюцца падзеі, якія звяртаюць на сябе ўвагу нават буйных міжнародных СМІ, то грэх было б скардзіцца, што працаваць у Беларусі нецікава».

Калектыў БелаПАН, 2015 год, фота Таццяны Каравянковай.

Калектыў БелаПАН, 2015 год, фота Таццяны Каравянковай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0