Міністэрства фінансаў Беларусі рыхтуе прапановы па лібералізацыі ўмоў гаспадарання на страхавым рынку. Адпаведны праект указа прэзідэнта праходзіць стадыю ўзгаднення, паведаміў першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч у сваім артыкуле, апублікаваным у апошнім нумары часопіса «Финансы, учет, аудит», які выдаецца Мінфінам.

«Міністэрствам фінансаў падрыхтаваны шэраг дадатковых прапаноў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў вядзення страхавога бізнесу, — піша Ермаловіч. — У прыватнасці, ініцыяваная ідэя па адмове ад абавязковага ўзгаднення правілаў па відах добраахвотнага страхавання (з пераходам на паведамляльны прынцып). Неўзабаве адбудзецца і адмена нарматыву расходаў на вядзенне справы страхавой арганізацыі і яе абавязкі па размяшчэнні і ўліку сродкаў страхавых рэзерваў на спецыяльных рахунках».

На думку першага намесніка міністра фінансаў, страхавы рынак Беларусі робіцца яшчэ больш прывабным для замежных інвестыцый. Сёння на ім працуюць 19 арганізацый, 8 з якіх — з удзелам замежнага капіталу, канстатуе ў артыкуле першы намеснік міністра фінансаў.

«Павышэнне ўвагі да нашай краіны невыпадковае. Аб'ём прэмій профільных кампаній ў 2016 годзе дасягнуў 520 млн долараў — гэта на 15% больш, чым у 2010 годзе. Пры гэтым узровень страхавых выплат у агульнай суме прэмій склаўся ў памеры 57%, што на 3% ніжэй, чым пяць гадоў таму», — падкрэслівае аўтар.

Максім Ермаловіч таксама звяртае ўвагу і на рост прыбытку страхавых кампаній. «Сукупны аб'ём чыстага прыбытку, атрыманага сектарам у 2015 годзе, склаўся ў памеры большым за 92 млн долараў, што на 61 млн долараў, або ў 3 разы, вышэй за аналагічны вынік 2010 года», — канстатаваў першы намеснік міністра фінансаў.

Як паведамлялася раней, у лістападзе Мінфін прыняў рашэнне аб стварэнні пры міністэрстве грамадска-кансультатыўнага савета па пытаннях страхавання. Савет з'яўляецца дарадчым і кансультатыўным органам, які ўдзельнічае ў грамадскіх абмеркаваннях праектаў нарматыўных прававых актаў па пытаннях страхавання, што могуць аказваць істотны ўплыў на ўмовы прадпрымальніцкай дзейнасці.

У лістападзе ў Беларусі таксама была прынятая рэспубліканская праграма развіцця страхавання на 2016—2020 гады, якая прадугледжвае выраўноўванне ўмоў гаспадарання для дзяржаўных і прыватных страхавых кампаній.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?